навіны

Юрась Зянковіч – на волі

Юрась Зянковіч у прапагандысцкім фільме. Скрыншот з відэа: Телеканал ОНТ / YouTube
Юрась Зянковіч у прапагандысцкім фільме. Скрыншот з відэа: Телеканал ОНТ / YouTube
podpis źródła zdjęcia

Пра вызваленне амерыканскага грамадзяніна з калоніі ў Беларусі паведаміў дзяржсакратар ЗША Маркаў Руб'ёў.

Палітзняволены Юрась Зянковіч. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат
«Элітны тавар». На што Лукашэнка хацеў бы абмяняць Зянковіча? Аналітыка

Цяпер ён на шляху ў Літву.

«Беларусь вызваліла яшчэ аднаго несправядліва затрыманага грамадзяніна ЗША. Ніводзін прэзідэнт не зрабіў столькі і так хутка, каб гарантаваць бяспеку амерыканцаў за мяжой. Усяго за 100 дзён мы таксама дамагліся вызвалення 47 несправядліва затрыманых амерыканцаў па ўсім свеце, у тым ліку ў Афганістане, Расеі і Венесуэле, дзякуючы дыпламатычным намаганням на высокім узроўні», – пракаментаваў вызваленне Руб’ёў, не называючы імені зняволенага.


Вызваленне Юрася Зянковіча таксама пацвердзіла CNN жонка Зянковіча Алена Дзенісавец.


«Я ведала, што гэты дзень надыдзе. Спатрэбілася 1480 дзён, але ён выжыў і цяпер ён на шляху да мяне і ў Амерыку», – сказала Алена Дзенісавец. – Я хачу падзякаваць прэзідэнту Трампу, сакратару Руб'ёў, адмысловаму пасланніку Боўлеру і працаўнікам SPEHA. Таксама хачу выказаць сваю ўдзячнасць прадстаўніку Моргану Латрэлу і некамерцыйным арганізацыям «Global Reach» і «James W. Foley Legacy Foundation» за іх дапамогу ў абароне інтарэсаў Юрася».

Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх справах Крыс Сміт заявіў, што вызваленне «было аднабаковым жэстам улад Лукашэнкі», якія імкнуцца палепшыць адносіны з ЗША.


«Лукашэнка нічога не атрымаў за гэты абмен», – сказаў Сміт. – Яны хочуць палепшыць свае сувязі з намі, і яны робяць разумны выбар, вызваляючы гэтых амерыканцаў і іншых палітычных зняволеных, каб пачаць палітычны дыялог з нашым бокам».


Амерыканскі юрыст Юрась Зянковіч быў арыштаваны ў Маскве ў 2021 годзе за замах на Лукашэнку, а затым дастаўлены ў Менск. Яго судзілі ў межах «справы змоўцаў» і асудзілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў на 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гэтай справе праходзілі таксама літаратуразнаўца і палітолаг Аляксандр Фядута ды старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў – кожнаму з іх прысудзілі 10 гадоў. У судзе Фядуту, Кастусёва і Зянковіча назвалі вінаватымі ў змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.


Пасля Зянковічу дадалі яшчэ два гады няволі за нібыта злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы – паводле крымінальнага артыкулу, праз які можна бясконца трымаць людзей у няволі без асаблівых доказаў злачынства.


Юрый Зянковіч з 2007 года жыў у Злучаных Штатах, куды пераехаў разам з бацькамі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Як дэпутат дабіўся, каб у Ждановічах з’явілася вуліца Васіля Быкава. Зянковіч мае грамадзянства Беларусі і ЗША. Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, у тым ліку ў Менску, стала жыў у Г’юстане.


Зянковіч хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, але саступіў Аляксею Янукевічу. Падчас пратэстаў у жніўні 2020-га быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУСу, трымаў там галадаванне пратэсту.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10