Мікіта Мелказёраў распытаў грамадскую актывістку Алану Гебрэмарыям, навошта яна адмовілася ад кар’еры стаматалагіні на карысць беларускай культурнай дыпламатыі.
«На самой справе ёсць розныя галіны дыпламатыі. У тым ліку самая простая, якой займаешся ты, Мікіта, я і хлопцы з каманды «Мова нанова», якія нас здымаюць, і астатнія людзі. Гэта культурная дыпламатыя, гэта дыпламатыя, калі ты прасоўваеш нейкі вобраз Беларусі ў замежныя краіны», – тлумачыць Алана.
Падрабязней пра гэты від дыпламатыі, а таксама пра тое, як беларуская мова вырвалася з-пад кантролю лукашэнкаўскіх уладаў – у размове Мікіты і Аланы.
У граматычнай… даруйце... правапіснай частцы Віктар Шукеловіч расказаў… вой, зноўку... распавёў пра Яна Станкевіча (1891–1976), бацьку-заснавальніка беларускага пурызму… ат, халера!.. моўнай чысціні, во!
Сутнасць пурызму заключаецца ў ачышчэнні мовы ад чужародных элементаў і замене іх на родныя. На практыцы часцей за ўсё пурызм рэалізуецца ў выцісканні тых моўных элементаў, якія былі пазычаныя з той мовы, што пагражае існаванню мовы роднай. У нашым выпадку і менавіта сёння перш за ўсё пурызм накіраваны на расейскую мову з мэтай абараніцца ад гвалтоўнай русіфікацыі, якая панавала ў ХХ ст. і цяпер зноўку набірае сілу.
Прычым часам замяняюцца не толькі непажаданыя расяізмы (кшталту драбяза замест мелачоўка; вобшук, ператрус замест вобыск, гатоўка замест налікоўка), але і агульная ці інтэрнацыянальная лексіка, уласцівая ў роўнай ступені беларускай і расейскай мовам (зараз замест цяпер, чыннік замест фактар).
Дарэчы, калі вам цікава, якім цікавым словам пурысты называюць футбол, паглядзіце адно з мінулых выданняў нашай праграмы:
Ян Станкевіч, беларускі лінгвіст, моўны інжынер, які, абапіраючыся на чэшскі досвед, паслядоўна ішоў да стварэння «чыстай беларускай мовы». Ён аддаваў перавагу жывой беларускай стыхіі, замяняючы інтэрнацыяналізмы і агульную з расейскай і польскай мовамі лексіку блізкімі да народных формамі, словамі і выразамі, а таксама наватворамі і калькамі, створанымі на ўзор народных словаў: мусова – ‘патрэбна’, надзіць – ‘прывабіць’, прыгатова – ‘падрыхтоўка’, зацеміць – ‘заўважыць’, паймо – ‘панятак’, самагук – ‘галосны’, сугук – ‘зычны’.
Дарэчы, ведаеце, чаму Станкевіча часта называлі Янка-спадар? Бо менавіта ён на замену пана і пані ўвёў у мову звароткі спадар, спадарыня, якімі мы сёння карыстаемся надзвычай шырока. Станкевіч таксама заклікаў беларусаў выкарыстоўваць свае формы назваў гарадоў: Менск, Слуцак, Горадня.
Станкевіч адрынаў тэзіс пра існаванне так званай агульнай калыскі ўсходнеславянскіх моваў і выводзіў беларускую беспасярэдне з праславянскіх дыялектаў. Першы поўны пераклад «Святой Бібліі» ў ХХ стагоддзі таксама зрабіў ён.
Мара Янкі Статкевіча пра ідэальную беларускую мову так і засталася марай, але ягоны сістэмны падыход і моватворчыя здабыткі дасюль маюць бясспрэчны ўплыў на сучасную беларускую мову.
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».