навіны

Даведаліся, колькі беларусаў пацярпелі ў аварыі пад Варшаваю і ў якім яны стане

Аўтобус, што трапіў у аварыю пад Варшаваю 29 красавіка 2025 года. Фота: miejskireporter.pl
Аўтобус, што трапіў у аварыю пад Варшаваю 29 красавіка 2025 года. Фота: miejskireporter.pl
podpis źródła zdjęcia

Прэс-сакратар Мазавецкай ваяводскай станцыі «Meditrans» Пётр Аўчарскі расказаў «Белсату» падрабязнасці аварыі з аўтобусам «VisitTour», што адбылася ўночы 29 красавіка каля варшаўскага аэрапорту.

Суразмоўца адзначыў, што а 2:58 раніцы ў службу экстранай дапамогі прыйшло паведамленне аб аварыі з удзелам аўтобуса далёкага накірунку. У аўтобусе было 26 асобаў і кіроўца. Аўтобус урэзаўся ў энергетычныя бар'еры, а затым перавярнуўся на левы бок.

,,

«Аўтобус з невядомых прычынаў на павароце віядуку ўдарыўся аб энергапаглынальную агароджу з такой моцай, што гэтая агароджа была знесеная з праезнай часткі. Аўтобус атрымаў пашкоджанні і перакуліўся на бок. Таму пытанне ў тым, ці зламалася там нешта, ці кіроўца занадта хутка ехаў па насыпе і проста не даў рады з кіраваннем», – расказаў Пётр Аўчарскі.


Беларускі аўтобус, што трапіў у аварыю пад Варшавай 29 красавіка 2025 г. Фота: Jacek Dobrzyński / X
«VisitTour» адмаўляецца каментаваць аварыю з удзелам свайго аўтобуса пад Варшавай навіны

На месца здарэння былі скіраваныя 23 пажарныя разлікі, 7 машынаў хуткай дапамогі і паліцыя. У момант, калі дарогу перакрывалі для правядзення ратавальнай аперацыі, у адну з пажарных машынаў з усёй моцы ўрэзалася фура. За стырном цяжкавіка быў 49-гадовы грамадзянін Украіны.

«Моц удару была настолькі вялікая, што корпус аўтамабіля быў цалкам знішчаны. Кіроўца аказаўся замкнёным у сваёй машыне», – сказаў прэс-сакратар.

У выніку інцыдэнту таксама пацярпеў пажарны, які быў у машыне, у якую ўрэзаўся цяжкавік.

Што датычыць аўтобуса, выратавальныя работы былі праведзеныя цягам 30 хвілінаў, і пацярпелыя былі вызваленыя з аўтобуса, у тым ліку з дапамогай гідраўлічнага абсталявання.

У выніку інцыдэнту пацярпелі 17 чалавек: 15 з аўтобуса і двое з іншых машынаў. У асноўным гэта жыхары Украіны, але таксама адзін беларус, адзін іспанец і трое палякаў. Самаму маладому ўдзельніку аварыі 17 гадоў, найстарэйшаму – 59.

Пацярпелыя атрымалі цялесныя пашкоджанні – збольшага гэта траўмы галавы, грудзей, рук і ног. Дзве асобы даставілі ў шпіталі ў цяжкім стане, у тым ліку аднаго чалавека – з аўтобуса. Ягоную нацыянальнасць прадстаўнік «Meditrans» не ведае. Месцы шпіталізацыі ён называць адмовіўся з прычынаў бяспекі.

Хоць ратавальная аперацыя была скончаная за паўгадзіны, іншыя працы на месцы здарэння яшчэ працягваюцца, у выніку чаго ўзніклі заторы на некалькі кіламетраў.

Нагадаем, што аўтобус «VisitTour», які перавозіў 26 асобаў, у тым ліку грамадзянаў Беларусі і Украіны, трапіў у двайную аварыю пад Варшаваю на хуткаснай трасе S2 блізу аэрапорту імя Фрэдэрыка Шапэна. У кампаніі «VisitTour» адмовіліся каментаваць здарэнне. Не мелі ніякай інфармацыі і ў амбасадзе Беларусі ў Польшчы.

Пасажырскія аўтобусы, што едуць з Беларусі ў Польшчу, праз чэргі вымушаныя стаяць на мяжы некалькі содняў. Раней выкліканая гэтым стомленасць кіроўцаў называлася прычынаю падобных аварыяў.

Дар’я Форман, Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10