У беларускай кампаніі «VisitTour», аўтобус якой раніцай 29 красавіка трапіў у двайную аварыю каля варшаўскага аэрапорту, пакуль не каментуюць здарэння. Прадстаўніца кампаніі заявіла пра гэта карэспандэнту «Белсату», які патэлефанаваў пад выглядам сваяка пацярпелага.
«На жаль, пакуль ніяк не каментуем гэтай інфармацыі», – сказалі ў кампаніі, параіўшы спрабаваць датэлефанавацца да сваякоў, бо «не ўсе пасажыры ў больніцы, наколькі мы ведаем».
Прычыны здарэння ў кампаніі не ведаюць, а наконт пацярпелых «будзе разбірацца ўжо паліцыя на месцы».
Пасольства таксама нічога не ведае
Тым часам у Міністэрстве замежных справаў сказалі БелТА, што «беларускія дыпламаты ў курсе сітуацыі, накіраваныя адпаведныя запыты ў польскія кампетэнтныя органы, інфармацыя пра наяўнасць сярод пацярпелых у выніку ДТЗ у Варшаве беларусаў удакладняецца».
У МЗС заявілі, што пасольства гатовае аказаць беларусам усю неабходную консульска-прававую дапамогу. Тэлефон для пільнай сувязі: +48 660 012 074. Але там пакуль таксама не даюць ніякай інфармацыі.
,,«Мы не ведаем, хто пацярпеў. Таму ператэлефануйце, напэўна, пазней», – заявілі ў консульскім аддзеле.
У пасольстве адзначылі, што скіравалі запыты і чакаюць інфармацыі.
Нагадаем, што аўтобус «VisitTour», які перавозіў 26 асобаў, у тым ліку грамадзянаў Беларусі і Украіны, трапіў у двайную аварыю пад Варшавай, на хуткаснай трасе S2 блізу аэрапорту імя Фрэдэрыка Шапэна. Аўтобус зачапіў энергапаглынальныя агароджы і ўпаў на бок. Пасля, падчас выратавальнай аперацыі, у прыпаркаваны на службовай паласе аўтамабіль добраахвотнай пажарнай аховы ўрэзаўся грузавік. Агульная колькасць пацярпелых – 16 асобаў.
Нагадаем, што пасажырскія аўтобусы, якія едуць з Беларусі ў Польшчу, праз чэргі вымушаныя стаяць на мяжы некалькі содняў. Раней выкліканая гэтым стомленасць кіроўцаў называлася прычынай падобных аварыяў.
Дар’я Форман, Якуб Хруст belsat.eu