Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская 29 красавіка здзяйсняе візіт у Варшаву. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе АПК.
29 красавіка на запрашэнне прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды дэмакратычная лідарка возьме ўдзел у саміце «Ініцыятывы трох мораў», дзе разам з еўрапейскімі лідарамі абмяркуе рэгіянальную бяспеку і перспектывы паглыблення інтэграцыі Беларусі ў еўрапейскія ініцыятывы.
Таксама ў Варшаве Святлана Ціханоўская правядзе пасяджэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету.
«Ініцыятыва трох мораў», таксама вядомая як Балцка-Адрыяцка-Чарнаморская ініцыятыва, або Трымор'е, яднае 13 дзяржаваў Еўрапейскага Звязу (Аўстрыя, Балгарыя, Вугоршчына, Грэцыя, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Харватыя, Чэхія, Эстонія), а таксама Украіну і Малдову, якія размешчаныя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і разам маюць выхад да Адрыятычнага, Балтыйскага і Чорнага мораў. Мэта арганізацыі – наладжванне рэгіянальнага дыялогу ў розных пытаннях. Стратэгічнымі партнёрамі ініцыятывы ёсць ЗША, Японія, Нямеччына і Еўрапейская камісія.
10-ы саміт Ініцыятывы праходзіць 28-29 красавіка ў Варшаве. Галоўныя падзеі з удзелам кіраўнікоў краінаў і ўрадаў дзяржаваў-чальцоў запланаваныя на 29 красавіка. Агулам запланаваны ўдзел 20 дэлегацыяў, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Польшчы. Чакаецца, што на саміце да ініцыятывы далучацца Албанія і Чарнагорыя, а Іспанія і Турцыя атрымаюць статус стратэгічных партнёраў.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка ў чарговы раз скіраваўся ў Расею.
Якуб Хруст belsat.eu