Беларускае пасольства ў Індыі раіць беларусам у гэтай краіне не наведваць штату Джаму і Кашмір, на які прэтэндуе суседні Пакістан.
«У сувязі з ростам напружанасці ў індыйска-пакістанскіх стасунках пасольства Рэспублікі Беларусь у Індыі настойліва рэкамендуе пры адсутнасці крайняй неабходнасці ўстрымацца ад наведвання саюзнай тэрыторыі Джаму і Кашмір», – гаворыцца ў заяве.
Пасольства Беларусі ў Пакістане ніякіх заяваў не выпускала.
Нагадаем, што паміж Пакістанам і Індыяй – дзвюма ядравымі дзяржавамі – можа пачацца вайна праз тэракт, што адбыўся 23 красавіка на спрэчнай, але кантраляванай Індыяй тэрыторыі. У атацы, у якой загінулі 26 турыстаў і яшчэ 17 атрымалі раненні, Нью-Дэлі дэ-факта абвінаваціў Пакістан.
Прэмʼер-міністр Нарэндра Модзі паабяцаў адплаціць нападнікам: «Індыя выявіць, высачыць і пакарае кожнага тэрарыста і ягоных заступнікаў. І мы будзем пераследаваць іх да краю зямлі. Тэрарысты, якія стаяць за забойствамі, разам са сваймі заступнікамі атрымаюць пакаранне большае, чымся яны могуць сабе ўявіць».
У Ісламабадзе заявілі пра адсутнасць «дакладнага расследавання і верыфікаваных доказаў» сувязі тэракту з Пакістанам. Тым не менш, міністр абароны Пакістану назваў непазбежным ваеннае ўварванне суседняй Індыі.
Пакістан – хаўруснік Аляксандра Лукашэнкі. Ён наведваў гэтую краіну з афіцыйным візітам у лістападзе 2024 года. А ў красавіку 2025-га ўжо пакістанскі прэм’ер-міністр Шэгбаз Шарыф прылятаў у Менск. Гэты візіт справакаваў вялікую незадаволенасць у беларускага грамадства пасля таго, як Лукашэнка паабяцаў прывезці ў Беларусь 150 тысячаў пакістанскіх працоўных мігрантаў на замену тым, хто з’ехаў праз ягоную палітыку.
Якуб Хруст belsat.eu