16 асобаў, у тым ліку дзіця, былі дастаўленыя ў больніцу пасля дзвюх сур'ёзных аварыяў, што адбыліся раніцай 29 красавіка на хуткаснай аўтамагістралі S2 у Варшаве. Спачатку аўтобус урэзаўся ў агароджу і перакуліўся на бок, а праз імгненне грузавік урэзаўся ў машыну добраахвотнай пажарнай аховы, паведамляе RMF.
У аўторак раніцай на хуткаснай трасе S2 недалёка ад аэрапорту імя Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве адбыліся дзве сурʼёзныя аварыі. Спачатку аўтобус далёкага накіравання, што перавозіў 26 асобаў, сярод якіх былі грамадзяне Беларусі і Украіны, пры выездзе з трасы S2 на трасу S7 у ваколіцах Пулаўскай развязкі зачапіў энергапаглынальныя агароджы і ўпаў на бок.
Пасля, падчас выратавальнай аперацыі, у прыпаркаваны на службовай паласе аўтамабіль добраахвотнай пажарнай аховы ўрэзаўся грузавік.
Кіроўцы абодвух транспартных сродкаў былі дастаўленыя ў больніцу. Адзін з ратавальнікаў таксама атрымаў траўму пры аказанні дапамогі. Агульная колькасць пацярпелых – 16 асобаў.

Паводле фотаздымкаў выдання «Miejski Reporter», аўтобус, што трапіў у аварыю, належыць кампаніі «VisitTour», якая сапраўды здзяйсняе рэйсы з Менску да Варшавы і назад.
Нагадаем, што пасажырскія аўтобусы, якія едуць з Беларусі ў Польшчу, праз чэргі вымушаныя стаяць на мяжы некалькі содняў. Выкліканая гэтым стомленасць кіроўцаў называлася ўжо прычынаю падобных аварыяў.
Якуб Хруст belsat.eu