У дачыненні былой палітзняволенай, актывісткі Паліны Шарэнды-Панасюк распачатыя дзве новыя крымінальныя справы. Пра гэта ў Facebook паведаміў ейны муж Андрэй Шарэнда.
Ён адзначыў, што справы заведзеныя паводле арт. 422 («Ухіленне ад прэвентыўнага нагляду») і 361 («Заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь») КК.
,,«Таксама адбыліся допыты родных Паліны», – напісаў Андрэй Шарэнда.
Ён таксама мяркуе, што праз скаргі прадстаўнікоў уладаў Беларусі Facebook ужо двойчы заблакаваў акаўнты былой палітзняволенай.
Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 года. Яе пакаралі спачатку двума гадамі пазбаўлення волі за нібыта гвалт у дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў (арт. 364 КК), знявагу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), знявагу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 368 КК). Пасля жанчыну яшчэ некалькі разоў каралі за нібыта зацятае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК).
За час несправядлівага зняволення ў Шарэнды-Панасюк сур’ёзна пагоршылася здароўе, з’явіўся хранічны панкрэатыт. Жанчыну пазбавілі магчымасці камунікаваць з непаўналетнімі сынамі – Славамірам і Стахам. 6 лютага 2025 года яна з'ехала ў Вільню.
Якуб Хруст belsat.eu