Праваслаўныя і не толькі беларусы 29 красавіка святкуюць Радаўніцу – дзень памяці памерлых. У гэты дзень, які афіцыйна ў Беларусі выходны, людзі масава наведваюць могілкі. Расказваем пра арганізацыйныя асаблівасці гэтага дня.
Падчас і напярэдадні Радаўніцы наведаць могілкі можна і ў зоне адсялення пасля Чарнобыльскай катастрофы, а таксама ў памежнай паласе. Для гэтага трэба мець з сабою належныя дакументы.
У МУС заявілі, што ДАІ на Радаўніцу будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Як адзначаецца, у месцах пахаванняў і набажэнстваў, а таксама на прылеглых да іх тэрыторыях нарады ДПС будуць дапамагаць удзельнікам руху, кантраляваць выкананне ПДР, ажыццяўляць рэгуляванне транспартных і пешаходных плыняў. Могуць быць выстаўленыя дадатковыя знакі і схемы.
Каб пазбегчы затораў, наведнікам раяць скарыстацца грамадскім транспартам. Пры гэтым «Менсктранс», напрыклад, паведамляе пра затрыманні руху аўтобусаў праз вялікую колькасць транспарту каля могілак.
Напярэдадні Радаўніцы на ўзмоцненыя дзяжурствы перайшлі таксама працаўнікі лясной гаспадаркі, піша БелТА. Гэта звязана з тым, што масавы наплыў людзей у лясы ва ўмовах цяперашняга надвор'я павышае небяспеку ўзнікнення лясных пажараў.
«Мінімум адна група ў кожным лясгасе мусіць ажыццяўляць палявыя мерапрыемствы: праводзіць тлумачальную працу з насельніцтвам. Цягам усяго светлавога дня дзяжурныя мусяць ажыццяўляць відэаназіранне за лясным фондам. Гэта мусяць быць найбольш вопытныя спецыялісты. Пры неабходнасці трэба аператыўна ўзмацніць людзьмі і тэхнікай лясніцтвы, што кантралююць пажаранебяспечныя абставіны ў зонах адчужэння», – заявіў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Драгун.
Што з асвячэннем могілак і кветкамі?
Праваслаўныя ж святары на Радаўніцу будуць здзяйсняць асвячэнне магілаў і памінальныя малітвы. У Менскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы складзены графік асвячэння магілаў. На могілках расклееныя абвесткі з указаннем тэлефонных нумароў святароў, да якіх можна звяртацца па дадатковую інфармацыю наконт асвячэння магілаў.
Пры гэтым кіраўнік царкоўнай пахавальнай службы Менскай епархіі Яўген Кулак адзначыў, што на Радаўніцу ключавым ёсць менавіта богаслужэнне ў царкве, а не наведванне могілак. Ён таксама падкрэсліў, што паганскія абрады, звязаныя з пакіданнем на могілках ежы і асабліва алкаголю, недапушчальныя.
Апроч таго, практычна на ўсіх гарадскіх могілках Менску і Менскага раёну працуюць пункты продажу кветак – як жывых, гэтак і штучных. Кошт адной ружы ў сярэднім складае каля Br 3,5. У сваю чаргу Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю напярэдадні Радаўніцы правяло маніторынг 124 гандлёвых абʼектаў ды іншых месцаў рэалізацыі штучных кветак.
Нагадаем, што святары і эколагі раяць несці на могілкі жывыя кветкі.
Якуб Хруст belsat.eu