Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская наведала Вайсковую акадэмію імя генерала Ёнаса Жамайціса ў Вільні і сустрэлася з начальнікам штабу ўстановы Дэнісам Старыковічусам. У прамове яна заклікала літоўцаў не паддавацца правакацыям і маніпуляцыям рэжыму.
Святлана Ціханоўская заклікала адрозніваць беларускі народ ад прарасейскай улады і падкрэсліла, што «дэмакратычная Беларусь – гарантыя бяспекі для ўсяго рэгіёну».
«Беларусы паважаюць Літву, яе гісторыю, культуру і цэласнасць. Мы павінны адкінуць і перадухіляць усе спробы ўбіць клін паміж нашымі народамі. Гісторыя – гэта тое, што нас аб’ядноўвае і ўмацоўвае», – адзначыла палітычная дзяячка.
Таксама яна надала асаблівую ўвагу пытанням бяспекі і сучасным выклікам:
«Гібрыдныя атакі супраць Літвы, Польшчы і Латвіі, выкарыстанне мігрантаў – гэта інструменты помсты рэжыму за вашую прынцыповую пазіцыю. Але мы разумеем, дзе сапраўдная пагроза. Наш агульны вораг – гэта дыктатура Лукашэнкі і расейскі імперыялізм».
Ціханоўская падкрэсліла, што перамога Украіны адкрые шлях і для вольнай Беларусі, і для трывалай бяспекі ў рэгіёне:
«Барацьба за Украіну – гэта барацьба і за Беларусь, і за ўсю Еўропу. Толькі вольная і дэмакратычная Беларусь станецца надзейным суседам і гарантам бяспекі для Літвы».
Сустрэча завяршылася дыскусіяй з афіцэрамі і прадстаўнікамі акадэміі, падчас якой беларуская лідарка адказала на пытанні пра падтрыманне Украіны, барацьбу з гібрыднымі пагрозамі, мірныя перамовы аб Украіне, а таксама аб працы дэмакратычных сілаў Беларусі.
Арсен Рудэнка belsat.eu