навіны

Святары і эколагі раяць несці на могілкі жывыя кветкі

Штучныя кветкі. Фота: Freepik
Штучныя кветкі. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Напярэдадні Радаўніцы, збіраючыся на могілкі, людзі нярэдка аддаюць перавагу штучным кветкам. Бо яны, маўляў, таннейшыя за жывыя і больш даўгавечныя.

«У хрысціянскай культуры гаворка пра жывыя кветкі, якія прыносяцца для пахавання. Тут асаблівае значэнне мае іх водар, колер і розны відавы склад. І не варта такі прыгожы сімвал як кветкі ператвараць у бяздушную рытуальную масу», – кажа Дзмітрый Лобан, клірык парафіі святыні Блажэннай Матроны Маскоўскай.  


Супраць і эколагі. Бо кожная штучная кветка мае ў сваім складзе розныя віды пластыку, у тым ліку пенапласт, латэкс, поліэстэр.

,,

«Пад уздзеяннем сонца, змены тэмператураў, дажджу ўсё роўна гэтыя вырабы раскладаюцца ў зямлі. Змываецца гэтая таксічная фарба. Раскладаецца ўсё гэта на мікрапластык і трапляе ў глебу, ваду, паветра», – тлумачыць Ягор, аператар «Зялёнага тэлефона». 


Штогод на смеццевыя палігоны вывозяць каля мільёна старых пластыкавых кветак. Некаторыя прадпрыемствы ў краіне спрабуюць іх перапрацоўваць.

  

«У Полацку, наколькі мне вядома, наладжвалі ручны разбор гэтых кветак, а ў Горадні на мясцовым заводзе для перапрацоўвання адкідаў выкарыстоўваюць шрэдар, каб рэзаць гэтыя вырабы», – расказвае Ягор.

 

Аднак у межах краіны гэтага мала. Таму адзінае выйсце, як зазначае эксперт, – забараніць штучныя кветкі. Пакуль жа чыноўнікі робяць шэраг захадаў, каб вытворчасць і імпарт такіх кветак былі эканамічна нявыгадныя.

 

«Раней у вытворцаў і дастаўцаў штучных кветак не было абавязку арганізоўваць збор адкідаў, у якія ператвараюцца іхныя тавары. Цяпер гэты пералік пашыраны, туды ўключаны гэты від тавару», – тлумачыла Вольга Сазонава, прадстаўніца Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя.

 

Збіраючыся на магілы продкаў, варта аддаць перавагу ўсё ж жывым кветкам. Як найбольш практычны варыянт эколагі раяць высадзіць на месцы пахавання шматгадовыя расліны.

 


Ірына Юр'ева belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10