З 25 да 27 красавіка польскія памежнікі зафіксавалі больш за 290 спробаў незаконнага пранікнення ў Польшчу. Пра гэта паведамляе Памежная ахова. За апошні месяц плынь мігрантаў моцна вырасла.
12 асобаў, звязаных з нелегальнаю міграцыяй, усё яшчэ спрабуюць затрымаць, адзначыла Памежная ахова ў справаздачы за 25–27 красавіка.
«У бок польскіх патрулёў ляцелі камяні і галіны. Быў пашкоджаны службовы аўтамабіль», – піша Памежная ахова.
Мяркуючы з больш ранніх справаздачаў польскіх памежнікаў, плынь нелегальнай міграцыі з боку Беларусі значна вырасла менавіта за апошні месяц. Бо з пачатку года да 21 сакавіка былі зафіксаваныя 2200 спробаў мінуць беларуска-польскую мяжу. А ў красавіку з'яўлялася ўсё больш дзён, калі колькасць спробаў нелегальна прайсці мяжу набліжалася да ста.
Гэтыя спробы працягваюцца, нягледзячы на тое, што прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 26 сакавіка падпісаў закон, згодна з якім у мігрантаў на польска-беларускай мяжы на працягу 60 дзён не прымаюць хадайніцтвы аб міжнароднай абароне. Аднак шмат каго цікавіць не Польшча, а Нямеччына.
Арсен Рудэнка belsat.eu