навіны

Прэмʼер Літвы адказаў на прапанову БЧ аднавіць перавоз пасажыраў: «Спяшацца не будзем»

чыгунка
Чыгунка ў Беларусі. Фота: rw.by
podpis źródła zdjęcia

Прэмʼер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што Літва не будзе спяшацца з адказам на прапанову Беларусі аднавіць пасажырскае чыгуначнае злучэнне паміж краінамі, піша LRT.

Гінтаўтас Палуцкас распавёў, што прапанова беларускага боку разглядаецца ў кантэксце санкцыяў, вайны ва Украіне і стасункаў Еўразвязу з Расеяй.

,,

«Таму з адказам на гэтыя прапановы спяшацца не будзем», – сказаў Палуцкас.


21 красавіка Беларуская чыгунка паведаміла, што прапанавала Польшчы, Літве і Латвіі аднавіць пасажырскія зносіны паміж краінамі. Міністэрства транспарту і камунікацыяў Літвы пацвердзіла «Белсату», што прапанова сапраўды паступіла і разглядаецца. У выніковай пастанове ўлічваюцца высновы Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства замежных справаў і Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі.


«Гэта працоўны працэс. Калі паступае прапанова, яна разглядаецца ў кансультацыі з Міністэрствам замежных справаў, якое адказвае за санкцыі, а канчатковую пастанову прымае ўрад. Так што вы пачулі маё меркаванне», – сказаў на заканчэнне Палуцкас.


Раней палітолаг Павел Усаў сказаў «Белсату», што было б усім добра, калі б літоўскі бок пайшоў насустрач, як і польскі.


«Лічу, што і Польшчы варта было б разгледзець гэтае пытанне. Гэта ў некаторай ступені палепшыла б сітуацыю камунікацыі саміх беларусаў, якія вымушаныя чакаць гадзінамі, каб мінуць мяжу. З другога боку, гэта распачало б нейкі дыпламатычны працэс ва ўладкаванні міграцыйнага пытання. Магчыма, Лукашэнка зноў пачаў бы нейкім чынам фільтраваць [не прапускаць мігрантаў праз Беларусь у ЕЗ. – Заўв. рэд.] і, верагодна, прыспешыў бы пытанне вызвалення палітычных вязняў», – сказаў Усаў.


На ягоную думку, пасля выбараў у Беларусі Лукашэнка перастаў выпускаць палітвязняў, бо чакаў нейкага сігналу ад Захаду, але не пабачыў яго. Аднаўленне чыгуначных пасажырскіх зносінаў магло б быць гэткім сігналам, мяркуе Усаў.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10