Іспанія і Партугалія засталіся без святла праз маштабнае адлучэнне электраэнергіі 28 красавіка. Не адкідаецца версія, што гэта кібератака, кажа «Politico». Ёсць паведамленні, што праблемы паўсталі і ў некаторых мясцінах Францыі. «Белсат» запытаўся ў беларуса ў Партугаліі, што адбываецца.
Адлучэнне закранула сістэмы грамадскага транспарту, святлафоры і шпіталі. Спачатку паведамлялася пра перабоі ў падачы электраэнергіі ад Мадрыду да Лісабону, а затым значная частка Пірэнэйскага паўвострава засталася без электрычнасці.
Пра прычыны здарэння не паведамляецца. Кампанія «Red Eléctrica», што кіруе электрасеткай у Іспаніі, паведаміла ў Х, што прычыны адлучэння «аналізуюцца і ўсе рэсурсы накіроўваюцца на ўладкаванне».
«Мы пачалі аднаўляць напружанне на поўначы і поўдні паўвострава, што ёсць ключом да паступовага забеспячэння электрычнасцю. Гэта працэс, у які ўваходзіць паступовая падача электраэнергіі ў транспартную сетку па меры злучэння генератарных сістэмаў», – дадала «Red Eléctrica».
Партугальская паліцыя распавяла, што па ўсёй краіне былі адлучаныя святлафоры, у Лісабоне было закрытае метро, а цягнікі не хадзілі.
Беларус Яўген (імя змененае), які жыве ў Партугаліі, распавёў «Белсату», што электрычнасці сапраўды няма прыкладна з 11:30 тамтэйшага часу.
,,«З усяго відаць, адлучэнне адбылося па ўсёй краіне. У некаторых месцах электрычнасць падаецца з дапамогай аварыйных генератараў, можа быць, у нейкіх шпіталях, але ў цэлым святла няма нідзе. Адпаведна, няма стацыянарнага інтэрнэту, бо роўтары не працуюць. Мабільная сувязь працуе, але вельмі-вельмі павольна. Пішуць, што збой закрануў стацыянарныя тэлефонныя лініі, але не магу сказаць, ці праўда гэта, бо не маю стацыянарнага тэлефону», – кажа Яўген.
Не працуюць таксама крамы.
«Пільных абвестак ад мясцовых уладаў праз SMS, напрыклад, не паступала, хоць тут ёсць такая сістэма. Перад магутнымі штормамі і дрэнным надворʼем яны рассылаюць SMS. Можа быць, у іх цяпер тэхнічна няма такой магчымасці, бо ўсе гэтыя сэрвісы цяпер не працуюць. Але ўрад краіны меўся сабрацца дзесьці а 13:00», – распавядае Яўген.
Ён адзначае, што на вуліцы выйшла паліцыя для рэгулявання руху і выратавання людзей з лісабонскага метро.

«Электрычнасці няма і ў метро, людзі захраслі проста на лініях, – працягвае суразмоўца. – Аператары сотавай сувязі кажуць, што калі аднаўленне падачы электраэнергіі зойме занадта шмат часу, то чакаецца пагаршэнне працы сеткі. Хоць у мяне "Vodafone" – і ён ужо працуе вельмі дрэнна. Абяцаюць, што да вечара пачнецца планамернае падлучэнне раёнаў назад да электраэнергіі. Ці рэальна гэта і як хутка, ніхто не ведае. Пакуль асабліва навінаў няма», – падсумоўвае Яўген.
Арсен Рудэнка belsat.eu