Цяперашні кіраўнік Нацыянальнага банку Раман Аляксандравіч заявіў, што ён не разумее, чаму беларусы ўсё лічаць у доларах.
Ён нават спачатку выказаў здагадку, што гэта ўсё праз тое, што мы жывём побач з Еўрапейскім Звязам. А потым пачаў папракаць беларусаў за гэтую недарэчную звычку, падкрэсліўшы, што ў ягонай сям’і так ніколі не робяць, хіба што пры планаванні буйных пакупак. Дзіўна, што ён не заявіў, што ўсе свае зберажэнні трымае ў рублях, як тая ж Качанава.
Давайце разам дапаможам Раману. Напачатку нагадаем, што ў Еўрапейскім Звязе долары ў крамах не прымаюць. Ну вось зусім. Там якраз лічаць альбо ў мясцовай валюце, злотых ці кронах, альбо ў еўрах. То бок такое тлумачэнне не працуе, не пасуе. Дык як жа тады?
Можа, справа ў рэгулярных дэвальвацыях? Можа, людзі не вераць у рубель проста праз тое, што яго курс да ўстойлівых валютаў «ганебнага Захаду» за апошнія 25 гадоў упаў на некалькі тысяч адсоткаў? І ў гэтым ёсць і ягоная, Рамана, частка віны? Пачынаў ён на 2 рублях за долар, а скончыўся на 3,40.
І гістарычны максімум сярэдняга заробку – 870 долараў – нікога не цешыць. Ён вырас і нават, вось табе і цуд, нарэшце зрабіўся большым за абяцаныя яшчэ пятнаццаць гадоў таму «па пяцьсот» з улікам доларавай інфляцыі. Але нікога гэта не радуе. Пакупніцкая здольнасць гэтага заробку засталася на тым жа месцы, і на прадукты ўсё роўна ідзе амаль 40 % даходу, нягледзячы на такі бурны нібыта рост.
Таксама ў новым выданні «Атмасферы» з Аляксандрам Кныровічам:
- «БелДжы» патрабуе абмежаваць увоз кітайскіх аўтамабіляў.
- Цэны на садавіну і гародніну ляцяць у космас.
- Лукашэнка прымераў лагерны строй.