навіны

Пуцінскія байкеры пачалі прапагандысцкі «тур перамогі» на Берлін

Байкеры пуцінскага мотаклубу «Начныя ваўкі» паехалі на Берлін. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: animals.pibig.info
Байкеры пуцінскага мотаклубу «Начныя ваўкі» паехалі на Берлін. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: animals.pibig.info
podpis źródła zdjęcia

Расейскі нацыяналістычны мотаклуб «Начныя ваўкі» распачаў свой так званы «тур перамогі» – штогадовую прапагандысцкую паездку ў Берлін. 

У суботу, 26 красавіка, байкеры выехалі з Масквы і маюць намер адзначыць 9 траўня каля Савецкага мемарыяла ў Трэптаў-парку, паведамляе BILD.


,,

«Гэта будзе сімвалізаваць не толькі перамогу над фашызмам, але і вечныя каштоўнасці мірнага суіснавання і дружбы народаў», – заявілі ўдзельнікі мотаклуба.



Пакуль незразумела, ці змогуць яны праехаць на тэрыторыю Еўразвязу: і сам клуб, і шэраг яго ўдзельнікаў знаходзяцца пад санкцыямі.

На думку рэдакцыі BILD, у Нямеччыне ім, прынамсі, не будуць радыя. Яшчэ на мінулым тыдні, падчас мерапрыемстваў памяці Другой сусветнай вайны ў Торгау, байкеры ўжо выступалі як рэтранслятары крамлёўскай прапаганды, падмануўшы службы бяспекі.

У той жа час поўнасцю выключыць з’яўленне «Начных ваўкоў» у Берліне немагчыма: у клубе ёсць члены, якія пражываюць у самой Нямеччыне.

26 красавіка падчас выезду з Масквы байкеры разгарнулі сцягі свайго клубу, а таксама расейскія і нямецкія сцягі. На некаторых матацыклах заўважылі знак «Z», які ў Нямеччыне забаронены як сімвал расейскай агрэсіі супраць Украіны. Для выезду вялікіх калон удзельнікаў клубу ў Маскве перакрывалі вуліцы.

Падобныя акцыі пуцінскія байкеры ладзяць, пачынаючы з 2015 года. Пасля таго, як у 2022 годзе ўдзельнікаў клубу ўнеслі ў санкцыйныя спісы, у туры сталі ўдзельнічаць тыя з іх, у каго ёсць еўрапейскія пашпарты. 

«Начныя ваўкі» з’яўляюцца паслядоўнымі прыхільнікамі палітыкі Уладзіміра Пуціна і вайны, якую ён развязаў ва Украіне. У 2014 годзе яны разам з кіраўніком РФ праехаліся па акупаваным Крыме.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10