Наступны тыдзень будзе вырашальным для перамоваў пра спыненне расейска-ўкраінскай вайны. Такую заяву зрабіў дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб'ёў у інтэрв'ю «NBC News».
З ягоных словаў, у перыяд з 28 красавіка да 4 траўня перад амерыканцамі стаіць важны выбар: працягваць удзел у працэсе дасягнення мірнага пагаднення або пераключыць увагу на іншыя, не менш, а часам нават больш важныя праблемы.
Руб'ёў таксама растлумачыў, што Злучаныя Штаты пакуль устрымліваюцца ад увядзення новых санкцыяў супраць Расеі, бо разлічваюць на магчымасць «зблізіць бакі канфлікту». На ягоную думку, дадатковыя абмежаванні маглі б толькі адштурхнуць бакі ад міру.
«Вы асуджаеце сябе яшчэ на два гады вайны, а мы не хочам, каб так адбылося», – падкрэсліў дзяржаўны сакратар.
Пры гэтым Руб’ёў адзначыў, што мірная ўгода павінна адбыцца найбліжэйшым часам, а Украіна і Расея зараз бліжэйшыя да міру, чым калі-небудзь за тры папярэднія гады.
Нагадаем, што ў Белым доме раней дапускалі, што ЗША могуць выйсці з перамоўнага працэсу пра вайну ва Украіне.
Раней Доналд Трамп абурыўся чарговым расейскім ударам па Украіне і заклікаў Пуціна спыніцца: «Давайце зробім мірную дамову!» Такі допіс з’явіўся ў сацыяльнай сетцы Truth пасля чарговай начной атакі Расеі на Украіну 24 красавіка, ад якой найбольш пацярпеў Кіеў.
Раман Шавель belsat.eu