100 дзён. Менавіта столькі спаўняецца 30 красавіка з моманту паўторнай інаўгурацыі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. 100 дзён, якія паўплывалі на палітыку не толькі ў саміх Злучаных Штатах, але і ўва ўсім свеце. Пра вынікі і выклікі гэтага перыяду, а таксама пра перспектывы «Белсат» распытаў трох незалежных экспертаў.
Доналд Трамп паўторна заступіў на пасаду прэзідэнта ЗША 20 студзеня. І адразу ж прыняўся падпісваць дзясяткі пастановаў у самых розных сферах. Неўзабаве дадаліся перагляд стасункаў з хаўруснікамі і супернікамі, тарыфы ў дачыненні дзясяткаў краінаў, пагрозы суседзям і іншае.
Ад гендару да тарыфаў
Амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі сярод галоўных змяненняў першых 100 дзён Трампа адзначыў указы, што датычаць міграцыі і мігрантаў. Гэтак, змянілася практыка выдачы і адсочвання візаў, але найперш – істотна пашырыліся практыкі дэпартацыі мігрантаў з ЗША. Таксама змянілася стаўленне ўладаў да нацыянальных і сексуальных меншасцяў, гендарнай палітыкі, што вылілася ў тым ліку ў заяву Трампа, што існуюць толькі два палы: мужчынскі і жаночы.
«Палітыка разнастайнасці, якая квітнела пры мінулым прэзідэнце Байдэне, цяпер амаль што згорнутая», – падкрэсліў Пянькоўскі.
Найгалоўнейшым жа змяненнем ён назваў «вельмі рашучы курс» новай адміністрацыі, накіраваны з аднаго боку на стымуляванне прамысловасці, а з другога – на скарачэнне дзяржаўных выдаткаў дзеля як мага большага змяншэння дзяржаўнага доўгу і аздараўлення «вельмі хворай эканомікі» Штатаў.
Ліквідуюцца міністэрствы, міжнародныя праграмы USAID, медыі, скасоўваецца практыка невяртання крэдытаў на адукацыю і іншае. Менавіта логікай скарачэння дзяржаўнага доўгу Пянькоўскі патлумачыў палітыку пратэкцыянізму і тарыфныя войны Трампа.

Тарыфы супраць іншых краінаў Трамп абяцаў яшчэ перад выбарамі, а ўводзіць мыты пачаў неўзабаве пасля інаўгурацыі. Спачатку – у дачыненні найбліжэйшых суседзяў, а 2 красавіка – амаль усяго свету. Тарыфная вайна Трампа спрычынілася да аднаго з найбуйнейшых у гісторыі ЗША абвалаў фондавага рынку і стратаў памерам 6,6 трлн долараў за два дні. І хоць большасць тарыфаў Трамп замарозіў, супраць Кітаю яны працягваюць дзеяць, хоць і з выключэннямі. Як і адваротныя тарыфы ўжо з боку КНР. Пянькоўскі падкрэсліў, што Трамп сапраўды ўспрымае Кітай як свайго галоўнага ворага, але першыя тарыфы супраць Пекіну былі ўведзеныя яшчэ Баракам Абамам.
Хацелі як найлепей, а сталася толькі горш
Як адзначыў Леў Львоўскі, акадэмічны дырэктар BEROC, магчымыя плюсы новай эканамічнай палітыкі Трампа не ўраўнаважваюць і тым больш не пераважваюць негатыўных тэндэнцыяў, з якімі ў выніку сутыкнуліся не толькі ЗША, але і ўвесь свет. На думку нашага суразмоўцы, амерыканскай эканоміцы нават не асабліва трэба было аздараўленне, бо яна «больш-менш паспяхова» аднаўлялася ад праблемаў, звязаных з пандэміяй COVID-19, і іншых узрушэнняў. І хоць цяпер такія паказнікі, як беспрацоўе і інфляцыя, «тэхнічна ўсё яшчэ нядрэнныя», Злучаныя Штаты сутыкнуліся з дэстабілізацыяй, падрывам стасункаў з галоўнымі хаўруснікамі і гандлёвымі партнёрамі ды «атмасферай, калі нічога нельга прадказаць, усё можа памяняцца на наступны дзень».
«Амерыканская эканоміка заўсёды лічылася найстабільнейшай, як і амерыканская валюта і рынак акцыяў. Менавіта таму падчас крызісаў мы назіралі ўцёкі ў долар або ў амерыканскі дзяржаўны доўг: інвестары хацелі аддаць свае грошы туды, дзе яны ў найбольшай бяспецы, у найбольшай прадказальнасці. І гэты статус найбольш прадказальнай эканомікі пачаў знікаць», – сказаў Львоўскі.
Больш за тое, падкрэсліў ён, атмасфера нестабільнасці і непрадказальнасці толькі аслабляе долар, што ў выніку спрычыняецца да росту кошту амерыканскага доўгу.
Бывай, глабалізацыя!
Існуе версія, што сваімі дзеяннямі Трамп хоча прымусіць астатнія краіны прыйсці да новага міжнароднага парадку. Аднак, адзначыў эканаміст, незразумела, чым ЗША не выгадны цяперашні парадак. Львоўскі дадаў, што цяпер Штаты – гэта «галоўная краіна свету паводле многіх паказнікаў», але з палітыкай Трампа «яе пазіцыі відавочна паступова падаюць».
Калі раней заходнія і іншыя развітыя краіны (напрыклад, Аўстралія, Японія, Паўднёвая Карэя) былі вельмі моцна ўзаемазвязаныя на розных узроўнях і ўпэўненыя ў сваіх гандлёвых партнёрах, то цяпер яны вымушаныя шукаць шляхі, каб менш залежаць ад непрадказальнасці ЗША. І нават задумвацца пра харчовую бяспеку, ідэя якой страціла актуальнасць у сувязі з глабалізацыяй, сказаў Львоўскі.
«Шмат каму захочацца вырабляць больш ежы ў сябе, больш мікрачыпаў, больш індустрыяльных тавараў. Калі не машынаў, то танкаў або ўзбраення. Давер у сям'і развітых краінаў, я думаю, падарваны», – сказаў эканаміст.
Усё гэта, паводле яго, прывядзе да росту эканамічнай неэфектыўнасці. Раней краіны маглі купіць пэўную прадукцыю там, дзе яе выраб каштаваў танней, а самі заняцца тым, што ў іх атрымліваецца лепш. Але цяпер яны пачнуць больш прадукцыі вырабляць самі – «адпаведна, менш спецыялізацыі краінавай, менш эфектыўнасці, менш эканамічнага росту».
Львоўскі адзначыў, што калі ў свеце цяпер не назапашана досыць дысбалансаў, то, можа, удасца абысціся тым, што проста эканомікі будуць больш замыкацца ў сабе. Але калі дзесьці «ў дадатак да ўсіх бягучых шокаў яшчэ і былі назапашаныя дысбалансы, то гэта можа справакаваць рэцэсію».
Мір за 24 гадзіны ў адказ на Кіеў за тры дні
Не відаць поспехаў Трампа і ў міжнароднай палітыцы. Абяцанага заканчэння вайны ва Украіне за так і не адбылося, як не было яго да Вялікадня і, падобна, не будзе да 100 дзён Трампа на пасадзе прэзідэнта.
Гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначыў, што Трамп рабіў заявы пра заканчэнне вайны ва Украіне за 24 гадзіны проста для таго, каб спадабацца электарату, але цяпер палітыку даводзіцца за гэтыя словы адказваць, і яму «гэта відавочна не падабаецца». Менавіта гэтым Фрыдман патлумачыў і заявы Трампа пра магчымасць выйсці з перамоўнага працэсу, калі мір не будзе дасягнуты. За 24 гадзіны яго так і не адбылося, як не было яго да Вялікадня і, падобна, не будзе да 100 дзён Трампа на пасадзе прэзідэнта.

На думку Фрыдмана, для Трампа важна проста скончыць вайну, быць міратворцам, а на якіх умовах – няважна. Гісторык падкрэсліў, што Злучаныя Штаты здольныя зрабіць Расеі «сапраўды балюча» – і санкцыямі на нафтавую галіну, і перадачаю новай зброі Украіне, – але не робяць гэтага. Магчыма, таму што разлічваюць на будучую супрацу з Расеяй або жадаюць перацягнуць яе на свой бок, адарваўшы ад супрацы з Кітаем. Да таго ж у прэзідэнта ЗША ёсць пэўная сімпатыя да Пуціна, ён для Трампа «больш блізкі і зразумелы». Таму амерыканскі лідар цісне на таго, на каго ціснуць лягчэй, – на Украіну, сказаў Фрыдман.
Спробы ўзяць «на понт» не працуюць
Паводле аглядальніка, не ўдалося Трампу і дасягнуць міру на Блізкім Усходзе, хоць замірэнне там было заключанае перад самай ягонай інаўгурацыяй. Вайна ў сектары Газа працягваецца, ізраільцяне ўсё яшчэ застаюцца ў закладніках «Хамасу», а абяцанай Трампам Рывіеры не відаць. У выніку тэма проста сышла з парадку дня, бо прэзідэнт ЗША страціў да яе цікавасць і перайшоў да іншай, сказаў Фрыдман.
Трамп пачаў пагражаць Ірану, у тым ліку вайсковай аперацыяй і скіданнем рэжыму аятолаў, спрабуючы, на думку Фрыдмана, узяць Тэгеран «на понт» і прымусіць да саступак. Як гэта было, напрыклад, з Панамай. Але ў выніку сам Трамп, паводле медыяў, не дазволіў Ізраілю правесці супраць Ірану ўжо планаваную вайсковую аперацыю. Тэгеран жа пагрозы вытрымаў і праводзіць «досыць паспяховыя» перамовы з ЗША з мэтай выгуляць час, у тым ліку для стварэння ўласнай ядравай зброі.
Не паддаўся на пагрозы Трампа і Кітай, які амерыканскі лідар спрабаваў задушыць тарыфамі. Наадварот, КНР нават захапіла спрэчны рыф.
,,«Так, Кітаю несалодка ад усяго таго, што ўводзіць Трамп. Але ўсё ж такі ў гэтым супрацьстаянні яны гатовыя ісці на новыя і новыя ахвяры. Таму і паступова змяняецца рыторыка Трампа, і ён ужо больш схільны да кампрамісаў», – растлумачыў Фрыдман.
Рэспубліканскі слон у пасуднай краме
А вось што ўдалося – дык гэта пасварыцца са сваімі партнёрамі як у Амерыцы, гэтак і ў Еўропе ды Азіі. Фрыдман патлумачыў гэта тым, што Трампу не ўласцівая такая катэгорыя, як «саюзніцтва», – толькі выгада, а таксама разуменне ўзаемазалежнасці ЗША і Еўропы. У выніку ўвядзенне тарыфаў, заявы пра жаданне далучыць Канаду і Грэнландыю дый нежаданне абараняць хаўруснікаў, у тым ліку ў NATO, паставілі пад пытанне веру ў гарантыі Вашынгтону.
Фрыдман адзначыў, што Злучаныя Штаты і раней кідалі сваіх хаўруснікаў: напрыклад, Паўднёвы В’етнам у 1973 годзе або Афганістан у 2021-м. Аднак раней гэта ўспрымалася як выпадковасць, Трамп жа паказаў, што «гэта сістэма».
«І калі твой галоўны саюзнік абыходзіцца з табою так, як гэта робяць Злучаныя Штаты з Украінай або Канадай, то ў цябе ўзнікае пытанне: а ці патрэбны табе такі саюзнік, які ў самы важны момант проста адвернецца ад цябе?» – сказаў Фрыдман.
Вынікам дзеянняў Трампа аглядальнік назваў тое, што сусветная палітыка робіцца «куды менш прадказальнай». На ягоную думку, усё менш краінаў будзе гатова прытрымлівацца міжнародных прынцыпаў, а ўсё больш – імкнуцца атрымаць уласную ядравую зброю, «будзе шмат новых канфліктаў, будуць новыя войны».
«Апошнія падзеі паказваюць, што можна, як гэта зрабіла Расея, распачаць вайну ў Еўропе, знішчаць, забіваць, рабіць ваенныя злачынствы – і нічога не будзе. Цябе прызнаюць, з табой вядуць перамовы, табе гатовыя даць пэўныя тэрыторыі», – сказаў Фрыдман, дадаўшы, што гэта можа паслужыць прыкладам для іншых краінаў.

Тым не менш ён падкрэсліў, што палітыка Трампа стварае і пэўныя шанцы, напрыклад, для Еўропы: не спадзявацца на дапамогу ЗША, як гэта было пасля 1945 года, а «заняцца самім сваімі справамі, самім адказваць за бяспеку, не разлічваючы на нейкіх саюзнікаў». Інакш «існаванне дэмакратычнага еўрапейскага праекту скончыцца».
У Трампа няма супернікаў, імпічмент немагчымы
Пры ўсім гэтым Пянькоўскі не бачыць істотнага зніжэння папулярнасці Трампа ў ЗША. Паводле яго, асноўны электарат палітыка не надта ахвотна ўдзельнічае ў апытаннях, а таму крытычныя адносна прэзідэнта вынікі даследаванняў атрымліваюцца скажонымі. Эксперт прызнаў, што «цяпер Амерыка палярызаваная як ніколі». Аднак калі прыхільнікі Трампа «ведаюць, вакол каго яны могуць аб'яднацца», то ў іхных праціўнікаў такой фігуры няма. Камала Гэрыс, якая была кандыдаткай на выбарах 2024 года, не ёсць «моцным лідарам Дэмакратычнай партыі», і агулам сярод апанентаў Трампа назіраецца істотная раз’яднанасць. Папулісцкія ж заклікі да імпічменту пры цяперашнім раскладзе ў Кангрэсе ЗША рэалізаваць немагчыма, сказаў амерыканіст.
Што датычыць антытрампаўскіх пратэстаў, якія пракаціліся па гарадах ЗША ў красавіку, то іх уплыву на палітыку Трампа пакуль не відаць. Дый стаялі за імі з вялікай імавернасцю колы, афіляваныя з Дэмакратычнай партыяй, заявіў Пянькоўскі.
Паводле яго, пэўнае карэктаванне дзеянняў адбываецца не ў выніку пратэстаў, а пад уплывам блізкіх да Трампа колаў і буйнога бізнесу. Пры гэтым амерыканіст, нягледзячы на паведамленні медыяў, пакуль расколу ў камандзе Трампа не бачыць – хутчэй спрэчкі і розныя погляды, як у кожнай адміністрацыі. Трамп ува ўсім гэтым «займае пазіцыю назіральніка, арбітра, і ён вырашае, чый погляд у той ці іншай сітуацыі перамагае». Больш за тое, Пянькоўскі назваў моцным дасягненнем Трампа тое, што яму пакуль не давялося звольніць нікога са сваёй адміністрацыі. Нават асобаў, замешаных у скандалах.
«Яго [Трампа. – Рэд. belsat.eu] больш за ўсё цікавіць нават не прафесіяналізм, яго цікавіць лаяльнасць. І калі ён бачыць у гэтых фігурах людзей, лаяльных асабіста да сябе, я не бачу ніводных падставаў, каб ён іх звальняў», – сказаў Пянькоўскі.
Што датычыць далейшых крокаў, то амерыканіст чакае ад Трампа новых спробаў скараціць федэральны бюджэт, што можа не спадабацца амерыканскім падаткаплатнікам і спажыўцам ды прывесці да падзення папулярнасці палітыка. Калі ж ён усё-такі здолее аздаравіць амерыканскую эканоміку, гэта можа зрабіцца ягоным галоўным дасягненням першых двух гадоў, мяркуе Пянькоўскі.
Саму ж спешку Трампа, якая выяўляецца ў падпісанні вялікай колькасці ўказаў і пастановаў, эксперт патлумачыў выбарамі ў лістападзе 2026 года, якія могуць змяніць расклад у Кангрэсе і пазбавіць рэспубліканцаў большасці. І паколькі тады ў Трампа «будуць у пэўным сэнсе звязаныя рукі», ён імкнецца як мага больш прадуктыўна правесці той час, які ў яго ёсць.
Макар Мыш belsat.eu