навіны

«Адпусціце сына!» Маці патрабуе вярнуць з Беларусі хворага амерыканца

Антон Рос. Скрыншот відэа лукашэнкаўскіх прапагандыстаў
Антон Рос. Скрыншот відэа лукашэнкаўскіх прапагандыстаў
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі не адпускаюць грамадзяніна ЗША і Чэхіі Антона Роса, які пакутуе на страту памяці. У сакавіку 2025 года ён нелегальна прыбыў у краіну з Літвы ў грузавым вагоне цягніка. 

Як паведамляе Reform.news са словаў маці хлопца, на Антона маглі завесці крымінальную справу. Раней дзяржаўныя СМІ сцвярджалі, што пасля адміністратыўнага пакарання яго дэпартуюць у Літву.

Антона Роса затрымалі 31 сакавіка 2025 года пры правяранні грузавога цягніка з Літвы. Затрыманаму выставілі абвінавачанне ў незаконным перасячэнні мяжы і аштрафавалі. Маці Антона Ларыса Рос паведаміла журналістам, што аплаціла і штраф, і выдаткі на ягонае ўтрыманне, але дэпартацыя так і не адбылася.

Паводле маці, 2 красавіка яна спрабавала ўехаць у Беларусь з Літвы, каб забраць сына, але яе не прапусцілі праз мяжу.

«Я ехала туды 2 красавіка, але мяне вярнулі беларусы на мяжы», – расказала яна Reform.news.

14 красавіка наняты адвакат не змог сустрэцца з Антонам. У той жа дзень маці даведалася, што сына «перавялі ў цэнтральны апарат Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь».

,,

«Вось абяцалі дэпартаваць хлопца, і СМІ раструбілі. Я чакала-чакала, і мне сказалі, што перавялі сына ў цэнтральны апарат Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. То бок захацелі крымінальную [справу] зляпаць, хворага чалавека не адпусціць, а дамучыць, зламаць. За што? Што хацеў у Беларусь. Хаця і нелегальна, палюбіў, хацеў даехаць і пажыць, сказаў жа на камеру, як палюбіў краіну… І што далей? Хлопец хворы, страта памяці, дэзарыентацыя. Навошта ён ім? Я хацела забраць ягоныя кнігі, працягваць абследаванне і лячэнне», – расказала маці Антона.


Жанчына падкрэслівае, што Антон мае патрэбу ў медычнай дапамозе, яна абураецца, што было ўжо адміністратыўнае пакаранне і пастанова аб дэпартацыі, а выстаўлены штраф быў аплочаны. «Чаму не дэпартавалі, каб я магла лячыць сына ў Празе, дзе ён жыве паводле медычнай страхоўкі?» – задае пытанне Ларыса Рос.

Яна таксама звярнулася да ўладаў Беларусі з просьбай: «Адпусціце, калі ласка, сына! Удома яму будзе лепш! Ужо ж пакаралі адміністратыўна, дык яшчэ і крымінальна за адно і тое ж дзеянне?»

31 сакавіка Антона затрымалі пры аглядзе таварнага цягніка. Спачатку супраць яго пачалі адміністратыўную справу за незаконнае перасячэнне мяжы. Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, Антон 24 сакавіка двойчы спрабаваў заехаць у нашую краіну: раніцай праз пункт пропуску «Каменны Лог» («Мядзінінкай») і вечарам праз «Беняконі» («Шальчынінкай»). Але, як паведамлялі беларускія памежнікі, ён «не змог пацвердзіць наяўнасць сродкаў, неабходных для пакрыцця выдаткаў на пражыванне і выезд з Рэспублікі Беларусь», таму яму адмовілі ва ўездзе.

Тады паведамлялася, што пасля штрафу яго дэпартуюць у Літву. Аднак пазней высветлілася, што з 21 сакавіка Антона шукала маці. Высветлілася, што хлопец пакутуе на страту памяці. Апошні раз яго бачылі ў Цюрыху, дзе ён спрабаваў вылецець у Хургаду.

3 красавіка беларускія прапагандысты паказалі Антона Роса на тэлебачанні. Паводле іх сцвярджэнняў, ён нібыта жадае застацца ў Беларусі.

Нагадаем, што 12 лютага 2025 года пасля перамоваў з прадстаўніком адміністрацыі Белага дому ўлады Беларусі выпусцілі траіх зняволеных: палітвязняў Андрэя Кузнечыка (журналіста радыё «Свабода», якое фінансавалася амерыканскімі ўладамі) і Алену Маўшук, а таксама аднаго грамадзяніна ЗША – 56-гадовага Мікалая Шугаева, які мае амерыканскае і ўкраінскае грамадзянства. У Беларусі ён заставаўся з 2020 года, пасля таго як прыехаў у нашую краіну да сям'і і свайго малога сына. Затрымалі Шугаева 12 верасня 2024 года.

Яшчэ раней, 26 студзеня, улады Беларусі выпусцілі з турмы грамадзянку ЗША Анастасію Нуфэр, якая была затрыманая ў канцы 2024 года.

Як мяркуюць палітычныя аглядальнікі, выпускаючы грамадзянаў ЗША, рэжым Лукашэнкі падае сігналы амерыканскім уладам для пачатку перамоваў і размарожвання стасункаў. Таму амерыканскія грамадзяне становяцца разменнай манетай у гэтай гульні.

У канцы 2024 года Дзярждэпартамент Злучаных Штатаў заклікаў сваіх грамадзянаў не наведваць Беларусь у звязку з нестабільнасцю мясцовай палітыкі і працягам супрацы нашай краіны з Расеяй у вайне супраць Украіны.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10