навіны

Велічэзная чарга ў Берасці на выезд у Польшчу захоўваецца ўжо тыдзень: чакаюць трое содняў

img
Чарга перад пунктам пропуску на выезд у Польшчу. Берасце, Беларусь. 27 красавіка 2025 года. Скрыншот: granica_bypl / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Чарга ў адзіным адкрытым пункце пропуску на беларуска-польскай мяжы пачала расці 21 красавіка, на наступны дзень пасля Вялікадня, і дасюль ніяк не змяншаецца. Цяпер выезду ў Польшчу чакаюць больш за 1700 легкавых аўтамабіляў і 100 аўтобусаў.

Цяпер беларуска-польскую мяжу мінаюць тыя, хто зарэгістраваўся ў электроннай чарзе раніцою 24 красавіка, то бок чакаць давялося трое содняў. Паводле «Белмытсэрвісу», за апошнюю гадзіну ў Польшчу выехала 31 машына, а за мінулыя содні – 439.


Дзяржаўны памежны камітэт паведамляе, што цяпер у чарзе ў Берасці стаяць 1730 легкавікоў. З таго боку мяжы, у «Тэрэспалі», пуста.


Аўтобусаў у чарзе 105, і калі аўтам фізічна стаяць на мяжы патрэбы няма (можна прыехаць на пункт пропуску, калі набліжаецца чарга), то пасажырам аўтобусаў даводзіцца пакутаваць.


Падарожнікі шукаюць магчымасці перасесці за дадатковую аплату ў аўтобусы бліжэй да шлагбауму, аднак нават гэтак чакаць можна содні.


«Мінанне мяжы заняло 25,5 гадзіны, і гэта з пераходам з 30-га ў 5-ы аўтобус. Усім цярплівасці», – пішуць у Telegram-чатах.


Вось адзін з прыкладаў: аўтобус перавозніка «Ecolines», што меўся паводле раскладу прыехаць у Варшаву з Менску ў суботу а 00:15, прыбыў толькі сёння раніцою: спазненне склала больш за содні.


Праз затрыманні затрымліваюцца і зваротныя рэйсы ў Беларусь. Напрыклад, «Менсктранс» паведаміў, што аўтобусы, якія меліся выехаць з Варшавы ў Менск сёння а 7:00 і 12:00, «пераносяцца на нявызначаны час».


Аўтобус «Ecolines», што меўся адправіцца з польскай сталіцы ў беларускую ўчора а 21:45, выедзе толькі сёння а 17:00.

Пункт пропуску «Берасце», чарга на ўезд у Беларусь. 22 красавіка 2025 года. Фота: Gpk.gov.by

Тысяча машынаў чакае выезду ў Польшчу. Што адбываецца на мяжы?

навіны

У «Каменным Лозе» на мяжы з Літвою цяпер толькі 80 аўтаў, аднак у чатах скардзяцца на марудную працу літоўскіх службоўцаў і пішуць, што чакаць даводзіцца каля 17 гадзінаў.


«Я спадзяваўся, што раніцою змена памяняецца, і пойдзе хутчэй, аднак такой адчуванне, што стала яшчэ горш. Больш за гадзіну з зоны чакання ніводнага аўта не выклікалі», – наракаюць падарожнікі.


Аўтобусаў у чарзе, паводле беларускага Памежнага камітэту, няма. Уначы, як сведчаць пасажыры ў чатах, на мінанне мяжы патрабавалася 9 гадзінаў.


У «Беняконях» выезду чакаюць 70 легкавікоў. Мяжу мінаюць за 9–10 гадзінаў. Аўтобусам – шпарчэй. Іх у чарзе няма, падарожнікі сведчаць: што ў адзін, што ў другі бок чакалі толькі 2–3 гадзіны.


У кірунку Беларусі чэргаў няма.


У «Грыгораўшчыне» на мяжы з Латвіяй чэргаў з легкавікоў няма ў абодва бакі, затое назбіралася 7 аўтобусаў на выезд з Беларусі. Час чакання – не менш за 7 гадзінаў.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10