навіны

«Разлічваў на два-тры тыдні». Былому працаўніку Офісу Ціханоўскай грошы на лячэнне збіралі нават у Беларусі

img
Данііл Гаркавы ў 2022 годзе. Фота: daniil_garkavy / Instagram
podpis źródła zdjęcia

Былому працаўніку Офісу Ціханоўскай Даніілу Гаркаваму сабралі неабходныя для лячэння 6,5 тысячы еўраў менш чым за содні. У каментары «Белсату» ён падзякаваў ахвярадаўцам і прызнаўся, што гэтая гісторыя выклікала ў яго пачуццё бяспекі.

Збор для Данііла Гаркавага «BYSOL» распачаў увечары 24 красавіка. Былому працаўніку Офісу абранай прэзідэнткі трэба аперацыя з увагі на рэдкі від анкалагічнага захворвання. Неабходную суму – 6500 еўраў – сабралі менш чым за содні. Збор, зрэшты, працягваецца, на рахунку ўжо больш за 7200 еўраў.


«Я не чакаў, што сума збярэцца так хутка! То бок я разумеў, што збор, хутчэй за ўсё, будзе "закрыты", але я разлічваў на два-тры тыдні, а не на некалькі гадзінаў», – кажа Гаркавы «Белсату».


Ён падзякаваў усім, хто дапамог:


«Мы распачалі збор увечары прыкладна а шостай і за некалькі гадзінаў уся мая стужка Facebook ды Instagram была толькі з рэпостамі майго збору. Гэта была неймаверная медыякампанія, якая пачалася з “BYSOL“ і “Нашай нівы“, а потым была ўмацаваная маімі сябрамі ды сяброўкамі, а таксама многімі людзьмі, з якімі я яшчэ вучыўся, якія прасоўвалі інфармацыю пра збор. Неймаверна!»


Як прызнаецца Гаркавы, такі вынік дае яму «пачуццё бяспекі»:

,,

«Цяпер я маю доказ, што ў выпадку сур'ёзнай праблемы мне ёсць на каго спадзявацца. Яшчэ да збору я звяртаўся ў міжнародную арганізацыю дапамогі актывістам і праваабаронцам, дзе мне ўрэшце адмовілі. Дапамаглі мне свае родныя беларусы і беларускі. І таму гэта гісторыя пра любоў да сваіх, якая не ведае межаў, бо я ведаю, як мне збіралі таксама ўнутры краіны. Яшчэ раз: шчыры дзякуй!»


Данііл Гаркавы працаваў у камандзе Святланы Ціханоўскай з лістапада 2020 года. У Офісе ўзначальваў аддзел вонкавых сувязяў, быў каардынатарам у працы з дыяспарамі.


Сёлета 17 красавіка Ціханоўская паведаміла пра адстаўку Гаркавага. Пазней ён расказаў «Нашай ніве» пра свой дыягназ: дэрматафібрасаркома – злаякасная пухліна мяккіх тканак. Гаркавы, якому цяпер 33 гады, хварэе на рак з 14 гадоў, перанёс ужо сем аперацыяў.


Чарговая, восьмая, запланаваная ў Нямеччыне, потым – прамянёвая тэрапія ў Літве.


«Хутка вярнуся з навінамі з Берліну і новымі шпітальнымі гісторыямі», – паабяцаў Гаркавы «Белсату».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10