Улады Беларусі пахваліліся здабычаю крыптавалюты на Бярозаўскай ДРЭС. Біткойны ўжо майняць дзясяткі тысяч камп’ютараў, а новую ферму будуюць на месцы цэхаў «Крычаўцэментнашыферу». Гэта можа выглядаць як залатая жыла, але задума сумнеўная.
Дзяржаўны тэлеканал СТВ расказаў 20 красавіка пра майнінг (здабычу) крыптавалюты ў Белаазёрску. Паводле рэпартажу, на тэрыторыі Бярозаўскай ДРЭС ужо больш за два гады няспынна дзее найбуйнейшая ў Беларусі майнінг-ферма, у якую інвеставала неназваная кітайская кампанія. За мінулы год на майнінг на гэтай ферме пайшло каля 20 % ад усяго энергаспажывання Берасцейскай вобласці.
,,«Дзяржава зарабляе на тым, што раней проста выцякала ўпустую. На продажы электраэнергіі і арэндзе зямлі», – заяўляе СТВ.
Ферму ў Белаазёрску збіраюцца пашыраць. Цяпер магутнасць аб’екту складае 105 МВт, дабудаваць збіраюцца магутнасці спачатку на 50 МВт, потым яшчэ на 100 МВт. Яшчэ адную ферму кітайскія інвестары плануюць збудаваць на тэрыторыі «Крычаўцэментнашыферу» ў Магілёўскай вобласці, да канца лета плануюць зрэалізаваць інвестыцыйны праект на 190 млн рублёў. Збіраліся зрабіць 19 працоўных месцаў, а ўжо зрабілі 24.
Кітайскі інвестар, як кажа старшыня Белаазёрскага гарвыканкаму, нават «аказвае матэрыяльную дапамогу», дапамагае парадкаваць горад і ладзіць святочныя імпрэзы.
Як наогул здабываюць крыптавалюты?
Розным чынам. Некаторыя крыптавалюты наогул не майняць, а толькі купляюць ці прадаюць. Некаторыя валюты выдаюць не за здабычу праз вылічальныя магутнасці, а за іншыя дзеянні, напрыклад, за «тапанне па хамяку». Некаторыя валюты, як этэрыюм, выкарыстоўваюць алгарытм «Proof of Stake» – «пацверджанне стаўкі», калі карыстальнік блакуе сваю валюту (робіць стаўку) і ўдзельнічае ў пацверджанні транзакцыяў у сетцы, за гэта атрымлівае ўзнагароду. Гэты падыход патрабуе даволі мала электраэнергіі. Але шмат якія валюты, у тым ліку біткойн, здабываюць праз энергаёмістыя вылічэнні паводле алгарытму «Proof of Work» – «пацверджанне працы».
Калі апісваць вылічэнні самымі простымі словамі, для падтрымання працы ўсіх біткойнаў камп’ютарам трэба развязваць матэматычныя задачы. Розныя камп’ютары развязваюць задачу адначасова, і хто першы развяжа, атрымлівае ўзнагароду. З такімі вылічэннямі добра спраўляюцца не цэнтральныя працэсары, а відэакарты, але найлепш – спецыяльныя прылады: ASIC-майнеры.
У матэрыяле СТВ не згадваецца, якія менавіта крыптавалюты здабываюць на крыптаферме на Бярозаўскай ДРЭС. Але паказваюць лагатып біткойна. Выглядае, здабываюць крыптавалюту, на здабычу якой трэба шмат энергіі.
Гэта выгадна? Вялікае пытанне
Выгаднасць здабычы крыптавалюты моцна залежыць ад цэнаў на электрычнасць, ад выдаткаў на ўзнагароду за вылічэнні (так званы хэшпрайс, hashprice) і ад курсу біткойну, ад цэнаў на абсталяванне і ад яго энергаэфектыўнасці. Для дакладнага адказу трэба дакладная калькуляцыя, а ў выпадку з беларуска-кітайскімі крыптафермамі ўсе зменныя невядомыя.
Хэшпрайс і курс біткойна моцна вагаюцца. Калі лічыць у біткойнах, хэшпрайс амаль няспынна змяншаецца. Але цана біткойна ў доларах непрадказальна вагаецца: за гэты год яна апускалася да 54 тысяч долараў за біткойн і падскоквала да 106 тысяч, цяпер складае каля 96,2 тысячы долараў за біткойн. Паводле падлікаў «Hashprice Index», хэшпрайс у доларах цяпер на 10 % меншы, чым у пачатку года, у восем разоў ніжэйшы, чым быў на піку ў 2021 годзе, і ў 70 разоў ніжэйшы за пік канца 2017 года.
Сярэдні кошт майнінгу па свеце вагаецца яшчэ больш непрадказальна: паводле падлікаў «MacroMicro», кошт здабычы 1 біткойна з пачатку года вагаўся ад 0,83 да 1,53 біткойна – то бок, былі працяглыя перыяды, калі майнінг у сярэднім па свеце быў стратным, і перыяды, калі быў трошкі прыбытковым. На момант публікацыі для таго, каб намайніць 1 біткойн, у сярэднім трэба заплаціць 0,95 біткойна.
У Беларусі кошт майнінгу можа быць істотна ніжэйшы за сярэдні па свеце праз нізкія цэны на электрычнасць. Тарыфы на электраэнергію ў Беларусі вызначае Савет міністраў, яны сапраўды даволі нізкія. Звычайны аднаставачны тарыф – 0,2412 рубля за 1 кілават-гадзіну, паводле дыферэнцыяваных тарыфаў можна заплаціць за тую кілават-гадзіну ад 0,1447 да 0,4824 рубля ў залежнасці ад часу і нагрузкі. Паводле курсу Нацбанку, аднаставачны тарыф складае 0,0694 еўра або 0,0797 долара за кілават-гадзіну. У сотні краінаў свету, у тым ліку ў бальшыні краінаў Еўропы, электрычнасць даражэйшая. У Польшчы дык утрая даражэйшая.
Для юрыдычных асобаў у Беларусі выстаўляюць спецыяльныя тарыфы – і яны вышэйшыя за тарыфы для насельніцтва. «Берасцеэнерга» прапануе для прамысловых спажыўцоў з магутнасцю ад 750 кілават-ампераў асноўную плату 31,43565 рубля за 1 кВт на месяц і яшчэ 0,26584 рубля за кілават-гадзіну. Для непрамысловых і небюджэтных арганізацыяў аднаставачны тарыф – 0,45888 рубля за кілават-гадзіну, дыферэнцыяваныя – ад 0,27533 да 0,52771 рубля.

На СТВ расказвалі, што майнінгавым фермам могуць даць зніжку аж 30 % пры ўмове мінімальнага спажывання 15 млн кілават-гадзінаў, але не ўдакладняюць наўпрост, паводле якога менавіта тарыфу плацяць фермы. Згадваюць ускосна: прамысловыя тарыфы ў Беларусі ніжэйшыя, чым у ЗША ці Еўразвязе.
Каб падлічыць дакладна, ці прыбытковая гэта справа, трэба ведаць вылічальныя магутнасці і энергаспажыванне. Калі ўводзіць у калькулятары прыбытковасці майнінгу (напрыклад, такі) беларускія тарыфы для фізічных асобаў, не ўлічваць цану абсталявання і абслугоўвання, пакінуць перадвызначана прапанаваныя магутнасці і спажыванне, то майніць біткойн крыху прыбыткова. Калі ўвесці прамысловы тарыф са зніжкай 30 %, прыбытковасць таксама можа быць, але яе можа і «з’есці» асноўная штомесячная плата за кілаваты магутнасці (у выпадку крыптафермы – за сотню тысяч кілават).
А калі не забываць, што яшчэ трэба купіць абсталяванне для майнінгу і абслугоўваць яго, а таксама «дапамагаць» гораду ва ўпарадкаванні і правядзенні святаў, то прыбытковасць вельмі сумнеўная. Трэба мець таннае і энергаэфектыўнае абсталяванне. І спадзявацца, што хэшпрайс будзе выгадны прынамсі большую частку года.
Крыптафермамі можна яшчэ грэць памяшканні (магчыма, з парушэннем санкцыяў)
У матэрыяле СТВ працу крыптафермаў хваляць за тое, што яны спажываюць энергію «24 а 7», на адрозненне ад прамысловых прадпрыемстваў, якія шмат часу прастойваюць як спажыўцы. Кажуць, «моцны начны спажывец уплывае на баланс і на эканоміку энергасістэмы агулам». Калі пагадзіцца з тым, што энергія ў Беларусі «выцякае ўпустую», як кажуць на СТВ, то выйсце неблагое.
Чаму ў Беларусі ёсць лішак энергіі – гэта асобнае пытанне: спачатку збудавалі атамную электрастанцыю, потым сталі шукаць пакупнікоў для энергіі і рэгулярна адключаць энергаблокі «для дыягностыкі», а ўрэшце пастанавілі, што трэба збудаваць яшчэ адную АЭС.
«Крыптафермерам» прыдумалі нават дадатковы заробак. Абсталяванне для майнінгу грэецца падчас працы, а цеплыню можна выкарыстоўваць. На СТВ расказалі, што беларусы прапануюць «крыптакацёл»: цеплыню ад майнінгу перадаюць для абагрэву памяшканняў з каэфіцыентам карыснага дзеяння 97 %. Хваляцца, што ў Расеі ўжо паставілі «крыптакацёл», які грэе памяшканне на 1200 м². Гэткія «крыптакатлы» ўжо працяглы час прадаюць на Захадзе.
Аўтараў праекту беларускіх «крыптакатлоў» адкрыта не называюць, але яго «прэзентуе Дзмітрый Аксюцік, дырэктар ТАА «Стартап-інвест» – прадстаўніцтва польскай «DD-Company». У кампаніі расказалі «Белсату», што «крыптакатлы» збіраюць у Беларусі і прадаюць адразу з майнерамі. Тэхнічных дэталяў не раскрылі, а сярод іншага расказалі, што ў прыладах выкарыстоўваюцца аўтаматыка і цеплаабменнікі нямецкіх кампаніяў «Schneider» і «Grundfos».
«Белсат» звярнуўся ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне па ўдакладненне, ці не парушае гэта санкцыяў Еўразвязу. У НАУ расказалі: асобныя тыпы цеплаабменнікаў уключаныя ў санкцыі і забароненыя для завозу ў Беларусь з Еўразвязу. Цеплаабменнікі ў «крыптакатлах» могуць мець таварны код 8419 50 000 0 або 8419 89 980 0 – і трапляць пад санкцыі. Яны не трапляюць пад санкцыі хіба тады, калі маюць код 8403 90 000 0 і лічацца арыгінальнай часткай сертыфікаванага катла. З аўтаматыкай пытанне складанейшае. Яна можа трапляць пад санкцыі, калі мае код 8537 10 910 0 (нізкавольтныя панэлі ці блокі кіравання з праграмаванымі функцыямі) або код 9032 10 200 0 (тэрмастаты і рэгулятары тэмпературы для сістэмаў ацяплення). Або можа не трапляць пад санкцыі, калі мае код 9032 89 000 0 (іншыя аўтаматычныя рэгулятары і прылады кіравання, калі аўтаматызацыя ўключае комплекснае кіраванне сістэмай і цеплавая функцыя не ёсць асноўнай).
Алесь Наваборскі belsat.eu