Украінскія тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, шмат гадоў былі пунктам прыцягнення турыстаў і сталкераў. Арганізацыя тураў у Прыпяць і ўласна Чарнобыль ва Украіне была пастаўленая на паток, аднак вайна ўсё спыніла. А што ў Беларусі, дзе зону адчужэння адкрылі для наведвання толькі некалькі гадоў таму? Вывучылі прапановы турфірмаў і не толькі.
Турысты з 29 краінаў
Беларуская зона адчужэння – гэта пераважна закінутыя, адселеныя і закапаныя вёскі, а таксама лясы, рэкі, лугі – прырода, якая адваёўвае тэрыторыі, пакінутыя чалавекам. Большая частка зоны ўваходзіць у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Для турыстаў яна адкрытая з 2019 года. Калі ў пачатку экскурсіі на пацярпелыя тэрыторыі арганізоўвалі толькі дзве турфірмы, то цяпер ёсць з чаго выбраць.
Турыстычныя маршруты ў зоне праходзяць па ўмоўна чыстых і бяспечных тэрыторыях. Падчас экскурсіяў трэба выконваць правілы бяспекі: слухацца інструкцыяў гіда, не адхіляцца ад маршруту, не піць вады з мясцовых крыніцаў, калодзежаў, рэчак – можна выкарыстоўваць толькі прывезеную з сабою, не збіраць грыбоў і ягадаў, не вывозіць рэчаў з зоны. Нельга распальваць вогнішчы, падымаць пыл, сядзець ці ляжаць на зямлі і класці туды свае рэчы.
На выездзе з зоны турыстаў правяраюць дазіметрам.
У 2024 годзе Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік наведалі 1988 асобаў у складзе 151 групы з 29 краінаў. Сярод іх былі грамадзяне Аўстраліі, Чылі, Мексікі, Ліхтэнштэйну ды іншых дзяржаваў.

Адна з беларускіх фірмаў, якая мае разнастайную прапанову экскурсіяў па зоне, – «Прыпяць-Тур».
,,«Вы даведаецеся пра наступствы аварыі на ЧАЭС для Беларусі, пра флору і фаўну запаведніку, пашпацыруеце па закінутых вёсках, дзе час спыніўся ў 1986 годзе пасля абвяшчэння эвакуацыі», – пішуць на старонцы фірмы.
Графік найбліжэйшых экскурсіяў: 9 траўня – па зоне адчужэння Брагінскага раёну, 10 і 31 траўня, 14 і 28 чэрвеня – па зоне адчужэння Хойніцкага раёну.
Запісвацца на экскурсію трэба не менш як за 10 дзён да паездкі, бо ў зону адчужэння робяцца пропускі. Таксама турфірма ладзіць індывідуальныя паездкі.
Кошт туру ў арганізаванай групе – Br 150.
Караблі, якія вазілі баржы ў Кіеў
На сайце «Прыпяць-Туру» можна выбраць адзін з трох маршрутаў.
Маршрут № 1.
Вандроўка пачынаецца на КПП «Бабчын», дзе месціцца пашпартны кантроль, адбываецца інструктаж пра тэхніку бяспеку. Потым – наведванне музею Палескага радыелагічнага запаведніку, дзе турыстам апавядуць пра гісторыю ўстановы, мясцовую флору і фаўну, старажытны побыт беларускіх вёсак. У Бабчыне – агляд старой школы і сядзібы.

Далей экскурсантаў вязуць на завод камбікорму – найбуйнейшае сельгаспрадпрыемства Хойніцкага раёну да аварыі. Потым – другое КПП «Майдан» і вёска Дронькі, дзе экскурсанты наведаюць пачатковую школу. Далей – вёска Пагоннае, найбуйнейшая ў зоне адчужэння да аварыі: там аб’ектамі паказу будуць калгас, дом культуры, школа, крама, сельсавет і шмат іншага.
Далей пераезд у вёску Краснаселле, дзе турысты ўбачаць караблі, якія да аварыі вазілі баржы з Мазыра ў Кіеў.
Апошняя лакацыя маршруту – некалі буйная вёска Арэвічы.
Пасля экскурсіі – дазіметрычны кантроль. Па спасылцы – падрабязная праграма паездкі па зоне Хойніцкага раёну.
Помнік ліквідатару Васілю Ігнаценку
Маршрут № 2
Пачатак – таксама на КПП «Бабчын», дзе экскурсантам паказваюць сядзібу і школу, ферму, пажарна-хімічную станцыю, закінутае КПП «Радзін», калгас у вёсцы Верхняя Слабада, вёску Выграбная Слабада.
Наступны пункт – вёска Жэрднае з драўлянаю забудовай, і Сонечны – так званая «маленькая беларуская Прыпяць» (ніжэй тлумачым, чаму паселішча так называлі). На гэтым маршруце можна залезці на дзве пажарныя вышкі і ўбачыць ЧАЭС.

Далей – Брагін і наведванне помніку ліквідатару Васілю Ігнаценку, агляд цэнтру гораду – найбольш блізкага жылога паселішча да зоны адчужэння.
Падрабязней праграма экскурсіі па Брагінскім раёне – па спасылцы.
Маршрут № 3
Праходзіць па нараўлянскай частцы зоны адчужэння і на гэты момант часова недаступны.
Маршрут па Добрушскай зоне пачынаецца з Гомля – адтуль пераезд у Добруш. Першая лакацыя – вёска Вылева, адселеная ў 1990 годзе. Там экскурсанты наведваюць старажытны двор і фундамент царквы Арханёла Міхаіла, у 2006 годзе перанесенай у Гомель.
Далей – бераг ракі Іпуць, парк і сядзіба Герардаў у вёсцы Дзям’янкі. Там пакажуць мост праз роў, будынак школы, мноства гаспадарчых пабудоваў.
Вяртанне ў Гомель – праз Добруш з аглядам гораду.
«На дарогу выходзяць ласі і прылятаюць цецерукі»
Яшчэ адна фірма, якая прапаноўвае туры ў зону адчужэння, – «Originaltour». Экскурсія, якая каштуе Br 175 з чалавека, праходзіць паводле наступнага маршруту:
• КПП «Бабчын» – тут правераць дакументы і пропускі;
• музей Палескага радыелагічнага запаведніку – работнікі апавядуць пра катастрофу на ЧАЭС, які змянілася глеба, раслінны і жывёльны свет рэгіёну пасля яе;
• жывёлагадоўчы комплекс – некалі тут утрымліваліся 17,5 тысячы галоваў свінняў, пасля трагедыі частку пагалоўя перавезлі ў іншыя гаспадаркі, частку здалі ў мясакамбінат;
• завод камбікорму – будынак напалову разбураны, аднак месцамі можна сустрэць рэшткі абсталявання;
• КПП «Майдан» на мяжы 30-кіламетровай зоны адсялення, створанай у 1986 годзе, налева і направа ад КПП ідуць шэрагі калючага дроту;
• вёска Дронькі – да аварыі тут жылі 232 асобы (92 сям’і), 5 траўня 1986 года ўсіх жыхароў перасялілі ў чыстыя мясціны; тут можна будзе ўбачыць пачатковую школу, краму, дом з саламяным дахам, драўляныя дамы і мазанкі;
• вёска Пагоннае – да аварыі тут жылі 1053 асобы (421 сям’я), 4 траўня 1986 года вёску перасялілі; на Паганянскім канале можна ўбачыць ужо згаданыя вышэй два закінутыя караблі, якія вазілі баржы з Мазыра ў Кіеў;
• вёска Арэвічы – тут некалі жылі 557 чалавек (222 сям’і), адсялілі 4 траўня 1986 года.
Фірма асобна папярэджвае: у тур могуць выправіцца толькі ўдзельнікі векам ад 18 гадоў. Найбліжэйшая дата – 31 траўня, раней месцаў ужо няма. Экскурсіі можна рэзерваваць да лістапада.

Асаблівасць туру – яго частка праходзіць на чыгунцы: з Менску да Калінкавічаў, у плацкартным вагоне, за даплату – у купэ. З Калінкавічаў група адпраўляецца ў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
,,«Часта на дарогу выходзяць ласі і прылятаюць цецерукі. У зоне сканцэнтраваная найбольшая папуляцыя зуброў у Беларусі, ёсць коні Пржэвальскага, вялікая папуляцыя ваўкоў, аленяў, казуляў. Прырода тут развіваецца паводле сваіх законаў без умяшання людзей ужо 30 гадоў», – гаворыцца на сайце турфірмы.
«Радыяцыйнае апраменьванне за дзень – як за гадзіну ў самалёце»
Экскурсіі па зоне адчужэння можна замовіць адразу ў Палескім радыелагічным запаведніку. Работнікі запэўніваюць: маршруты абсалютна бяспечныя. За адзін дзень экскурсіі вы атрымаеце дозу радыяцыйнага апраменьвання прыкладна як за адну гадзіну палёту самалётам. На сайце запаведніку таксама пазначана, што наведваць яго нельга асобам, малодшым за 18 гадоў, а таксама тым, хто мае медычныя супрацьпаказанні. Кошт экскурсіі для групы – ад Br 296 да Br 876.
У запаведніку няма магчымасці пераначаваць ці падсілкавацца. Пражыванне магчымае ў гатэлях у Хойніках і Брагіне.
Фота і відэаздымка ў запаведніку – толькі з дазволу гіда.
Замаўляць наведванне трэба за 5–10 дзён да экскурсіі, каб вам паспелі падрыхтаваць пропуск. Падчас наведвання пры сабе абавязкова трэба мець пашпарт, а таксама сродкі абароны органаў дыхання (маска, рэспіратар – для абароны ад пылу і радыеактыўных аэразоляў). Пры выездзе з запаведніку праводзіцца радыяцыйны кантроль вопраткі, абутку, асабістых рэчаў. Па вяртанні дамоў удзельнікам экскурсіі раяць прыняць душ з мыйнымі сродкамі.
Агулам запаведнік прапаноўвае 7 маршрутаў, аднак на сёння даступныя толькі 2.
160 зуброў
Маршрут № 1 цікава наведваць узімку: акрамя музею, жывёлагадоўчага комплексу, заводу для вытворчасці камбікорму, вёсак Дронькі, Пагоннае, Арэвічы залучае зубрапітомнік. Сюды ў 1996 годзе з Белавежскай пушчы былі завезеныя 16 зуброў – 4 самцы і 12 самак. З траўня 1997-га жывёлы застаюцца на вольным выпасе, у лістападзе – сакавіку іх падкормліваюць. На сёння ў запаведніку налічваюцца 160 зуброў.

Раней было ўключанае і наведванне вёскі Краснаселле, дзе жылі 244 асобы (110 сем’яў). Дабрацца туды можна было на паромнай пераправе праз Прыпяць. Цяпер вёска на гэтым маршруце недаступная.
У маршрут № 2 уваходзяць:
- вёска Верхняя Слабада, адселеная ў 1986 годзе – там жылі 87 жыхароў (32 сям’і);
- вёска Выграбная Слабада – на момант адсялення ў ёй жылі 362 асобы,
- вёска Жэрднае – адселеная 3 чэрвеня 1986 года;
- пасёлак Сонечны – узор «вёскі будучыні», якую стваралі ў сярэдзіне 1980-х гадоў; паселішча будаваў саўгас «Брагінскі», сюды ехалі працаваць з усяго СССР, вёска мела выгляд гарадскога кварталу са шматпавярховікамі;
- вёска Піркі, у якой жылі 1326 чалавек (476 сем’яў).
Аднадзённы тур «Гісторыі Чарнобылю» прапануе турфірма з аўтарскімі вандроўкамі «Walk to Falk».
Кошт туру ў зону адчужэння – Br 260 з выездам з Менску. Абяцаюць пад’ём на вышку, з якой відаць 4-ы энергаблок ЧАЭС.
Як улады шкодзяць турызму ў зоне адчужэння
Беларуская журналістка і гісторык, аўтарка дакументальнага відэацыклу пра сядзібы ў зоне адчужэння, першая серыя якога выйшла надоечы, Марыя Булавінская, думае, што турыстычны патэнцыял гэтай тэрыторыі выкарыстоўваецца недастаткова. І больш за тое, улады шкодзяць яму.
«Яны ўвесь час пад выглядам добраўпарадкавання зносяць хаты, розныя аб’екты.Рудакоў месціцца каля Палескага радыелагічнага запаведніку, і туды ездзяць турысты. У Рудакове таксама цікава паназіраць за наступствамі чарнобыльскай катастрофы. Там былі шматпавярховыя комплексы ПТВ, руіны сядзібы і гаспадарчыя пабудовы, якія датычылі гэтай сядзібы. Улады некалькі гадоў таму знеслі ўсе корпусы вучэльні, а разам з імі – гаспадарчыя будынкі, што ўваходзяць у комплекс гістарычна-культурнай каштоўнасці, якія нельга было зносіць. Я глядзела спадарожнікавыя фотаздымкі, і гэтых пабудоваў ужо няма. Стаяць толькі руіны палацу. Яго можна аднавіць, але асяроддзе страчанае», – апавядала Марыя «Белсату».

Аўтарка фільмаў даследавала сядзібы ў зоне адчужэння падчас напісання магістарскай працы, і яна перакананая, што там вельмі шмат аб’ектаў можна было б выкарыстаць у турызме. Было б толькі жаданне.
,,«У Палескім запаведніку ёсць некалькі афіцыйных турыстычных маршрутаў. Напрыклад, у іх уваходзяць Астрагляды для наведвання, але мясцовая сядзіба туды не залучаная», – зазначае Марыя.
Уезд на Радаўніцу – больш не 4 дні
Пабываць у зоне адчужэння можна на Радаўніцу. Традыцыйна ўезд адкрывалі на 4 дні – з суботы да аўторка, у які і памінаюць памерлых, аднак сёлета ўпершыню былі ўведзеныя абмежаванні на наведванне могілак на тэрыторыі запаведніку. У шэраг вёсак у памежнай паласе Нараўлянскага раёну (Хутар-Лес, Хаткі, Баровічы) будуць пускаць толькі 27 красавіка, а могілкі былой вёскі Белая Сарока можна будзе наведаць 27 і 29 красавіка.
Прычыны ўвядзення абмежаванняў мясцовыя ўлады не тлумачаць. Пералічаныя паселішчы месцяцца на мяжы з Украінаю, сюды на ўзмацненне скіравалі атрад «Рысь» спецназу ўнутраных войскаў Беларусі.
У Гомельскай вобласці ў зонах адсялення – 183 могілак, 91 з іх – на тэрыторыі радыелагічнага запаведніку. Штогод на Радаўніцу сюды прыязджаюць больш за 10 тысячаў чалавек.
Нечаканая прапанова ад Памежнага камітэту
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі прапануе беларусам узяць удзел у конкурсе «#ЯзнаюГраницу» і бясплатна наведаць чарнобыльскую зону. Трэба да 20 траўня зняць і адправіць Памежнаму камітэту відэаролік на адну з тэмаў:
• парады для вандроўнікаў;
• гумар і смешныя сітуацыі на мяжы;
• разбор папулярных памылак;
• гісторыі пра памежную службу;
• тлумачэнне правілаў мінання мяжы дзецям у гульнёвай форме і не толькі.
Памежны камітэт абярэ трох пераможцаў.
«Тройка прызёраў скіруецца ва ўнікальную паездку ў Палескі дзяржаўны радыелагічна-экалагічны запаведнік, дзе ў асаблівых умовах нясуць службу беларускія памежнікі. Вы даведаецеся, як і з дапамогаю чаго ахоўваюць мяжу ў зоне адчужэння, а таксама ўбачыце закінутыя паселішчы пад сталым кантролем ахоўнікаў мяжы. Акрамя таго, можна будзе прайсці з памежным нарадам на катары па Прыпяці», – абяцае Памежны камітэт.
А што ва Украіне?
Ва Украіне развіты турызм па чарнобыльскай зоне скончыўся 24 лютага 2022 года – з момантам поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Цяпер гэтая тэрыторыя цалкам закрытая для наведнікаў.

За 5 гадоў да пачатку вайны чарнобыльскую зону наведалі больш за 250 тысяч турыстаў, бальшыня – замежнікі.
Цяпер жа наведваць чарнобыльскую зону ва Украіне не дазваляецца нават на Вялікдзень і Радаўніцу праз небяспеку мінаў, пакінутых расейскімі вайскоўцамі на асобных участках зоны адчужэння.
Менавіта праз гэтыя мясціны расейскія вайскоўцы наступалі на Украіну з Беларусі. Пасля дэакупацыі Прыпяць і наваколле правяралі ўкраінскія сапёры, аднак частка тэрыторыі дасюль застаецца небяспечнай. Украінцы непакояцца: калі легальны чарнобыльскі турызм яшчэ можна аднавіць, то сталкерскія паходы да Прыпяці могуць стацца немагчымымі назаўжды – міны ў балоцістых лясах Палесся могуць ляжаць дзесяцігоддзямі.
Яшчэ ўлетку 2022 года ўкраінскі фатограф і чарнобыльскі гід Антон Юхіменка так апісваў уражанні ад таго, што сталася з зонаю пасля ўварвання расейскай арміі:
,,«Агульная абстаноўка вельмі гнятлівая. Атмасфера, што тут была раней, напэўна, страчаная. Няма больш таго спакою, які быў тут раней да ўварвання і акупацыі».
Тым не менш Міністэрства абароны наваколля і прыродных рэсурсаў Украіны распрацавала Стратэгію развіцця зоны адчужэння да 2032 года, у якую ўваходзіць размінаванне, замена апаратуры, скрадзенай ці знішчанай расейскімі войскамі, развіццё навуковых праектаў і аднаўляльнай энергетыкі, абарона ўнікальных мясцовых экасістэмаў, радыяцыйны маніторынг і дазіметрычны кантроль.
Адзін з цэнтральных пунктаў распрацаванага плану развіцця – турызм. Аўтары стратэгіі перакананыя: пасля вайны турыстычная цікавасць да Украіны будзе расці, а з ёй і колькасць ахвочых убачыць не толькі наступствы аварыі на ЧАЭС, але і расейскай акупацыі.
Ганна Ганчар belsat.eu