Наперадзе вялікія выходныя, таму на мяжы пачынае збірацца велічэзная чарга. Калі не хочаце ў ёй стаяць, вось прапановы цудоўных вандровак па краіне. Астатнім – трымайцеся.
На раніцу 25 красавіка ў электроннай чарзе на выезд з Беларусі праз пункт пропуску «Берасце – Тэрэспаль» чакаюць 1550 легкавых аўтамабіляў.
У астатніх пунктах не лепш: выезду праз «Каменны Лог» чакаюць 60 аўтамабіляў, праз «Беняконі» – 40.
Чарга з аўтобусаў таксама пачынае збіраецца, хоць заўтра яшчэ працоўная субота. Раніцаю на выезд з Беларусі ў Польшчу на пункце пропуску «Берасце – Тэрэспаль» чакалі 35 аўтобусаў.
Паводле Telegram-бота «Контроль очереди ПП Брест-Тересполь», за мінулыя 24 гадзіны прапусцілі 446 аўтамабілі, яшчэ 5 аўтаў праехалі ў прыярытэтным парадку. Кіроўца, які быў першым у чарзе, зарэгістраваўся 2 дні і 13 гадзін таму. Таму аўтам у цяперашнім канцы чаргі можна толькі спачуваць: яны мінуць мяжу прыкладна праз 6–7 дзён.
«Мы прыехалі а 20-й гадзіне 24 красавіка на мяжу з Польшчаю, былі тры аўтобусы перад намі, за гадзіну ўсіх прапусцілі. Дзве гадзіны чакалі на мосце, паўтары гадзіны – у беларусаў. Потым паўгадзіны яшчэ чакалі ўкраінцаў з допытаў», – пішуць сведкі ў чаце мяжы.
«Мы заехалі на мяжу Польшчы а 23:38, яшчэ стаім на мосце», – піша іншы чалавек а 5:26.
Кіроўцы па-ранейшаму скардзяцца на тое, што беларускія памежнікі аддаюць перавагу аўтобусам, а легкавікі фактычна стаяць. Людзі пакідаюць аўты на мяжы і чакаюць некалькі дзён у берасцейскіх гатэлях.
Але і пасажырскія аўтобусы амаль не рухаюцца, паводле допісаў у чатах. Нават калі чэргаў няма.
«Прыехалі на польскую мяжу а палове на першую ўначы. Перад намі – 35–36 аўтобусаў. Усе стаяць без руху», – пішуць раніцаю 25 красавіка ў памежных чатах.
На выезд з Польшчы ў Беларусь таксама можна назіраць чэргі. Паводле польскага боку, раніцаю 25 красавіка выезду з Польшчы ў Беларусь чакаюць 43 аўтобусы і 354 аўтамабілі. І ўсё вельмі марудна:
«Мы пазаўчора даволі доўга праходзілі польска-беларускую мяжу аўтобусам: 5 гадзінаў проста стаялі чакалі, хоць былі трэція ў чарзе. Потым былі допыты ўкраінцаў і ўсе аўтобусы прапускалі праз рэнтген», – распавядае Аліна з Менску.
І толькі на літоўскай мяжы ўсё працуе, як трэба: сведкі пішуць, што праходжанне дзвюх межаў заняло тры гадзіны:
«Справаздача пра падарожжа 24 красавіка маршрутам Менск – Вільня аўтобусам «Eurolines Toks» з выездам з Менску а 17:00. 19:40– 20:40 – пашпартны кантроль у беларусаў. Усё ціха і спакойна. 20:55 – заехалі за шлагбаум да літоўцаў, перад намі – адзін аўтобус на кантролі. 22:10–22:35 – кантроль у літоўцаў. Літоўцы сёння вельмі добрыя. У нашым аўтобусе нікога не даглядалі і, здаецца, праз рэнтген таксама практычна нікога не прапускалі. Праходжанне дзвюх межаў заняло тры гадзіны. Усім шчаслівай і лёгкай дарогі!»
На гэтым тыдні субота, 26 красавіка, будзе працоўная, выходнымі днямі будуць 27, 28 і 29 красавіка (29га – Радаўніца), затым перапынак на працу 30 красавіка, выходны 1 траўня, ізноў праца 2-га, выходныя 3 і 4 траўня, чатыры працоўныя дні, выходныя 9, 10 і 11-га. Можна чакаць, што пэўная частка беларусаў з візамі захоча паехаць у Еўразвяз, а беларусы з эміграцыі заплануюць паездкі дадому.
Тэса Анэйда belsat.eu