На фоне чутак пра выхад ЗША з перамоваў наконт спынення вайны ва Украіне Трамп абурыўся чарговым расейскім ударам па Украіне і заклікаў Пуціна да перамоваў.
Прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп напісаў 24 красавіка ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social:
,,«Я не задаволены расейскімі ўдарамі па Кіеве. Гэта непатрэбна і вельмі нясвоечасова. Уладзіміру, спыніся! 5000 салдатаў штотыдзень гінуць. Давайце зробім мірную дамову!»
Гэты допіс з’явіўся пасля чарговай начной атакі Расеі па Украіне. Ад удараў у ноч на 24 красавіка найбольш пацярпеў Кіеў. На раніцу было вядома пра 8 загінулых і 77 параненых ад удару па Святошынскім раёне гораду. Наступны дзень, 25 красавіка, абвясцілі днём жалобы.
Абноўлена. Колькасць загінулых вырасла да 12.
Атака была незвычайна масаваная: найчасцей Расея запускае за ноч адну-дзве ракеты і дзясяткі дронаў, але гэтым разам, паводле Паветраных сілаў Украіны, запусціла адразу 11 балістычных ракетаў «Іскандэр-М / KN-23», 37 крылатых ракетаў «X-101», 6 крылатых ракетаў «Іскандэр-К», 12 крылатых ракетаў «Калібр», 4 кіраваныя ракеты «Х-59 / Х-69» і 145 ударных дронаў тыпу іранскіх «Shahed». Большую частку ўдалося збіць.
Што азначае «5000 салдатаў штотыдзень гінуць», невядома: пра такія страты не паведамляюць ні ўкраінскія, ні расейскія, ні амерыканскія крыніцы. Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны працяглы час паведамляе пра расейскія страты на больш як тысячу чалавек за дзень, але гэтыя страты – разам забітыя і цяжка параненыя.
Паведамленне Трампа было апублікаванае на фоне чутак пра выхад ЗША з перамоваў наконт замірэння ва Украіне. Трамп з 2023 года абяцаў спыніць вайну «за 24 гадзіны», але за амаль 100 дзён прэзідэнцтва яму не ўдалося дамагчыся нават частковага спынення агню. На заклікі пра мір Расея адказвае новымі ўдарамі па Украіне і новымі ўмовамі для спынення ўдараў. На мінулым тыдні дзяржаўны сакратар (міністр замежных справаў) ЗША Маркаў Руб’ёў публічна казаў, што ЗША могуць выйсці з перамоваў, калі найбліжэйшымі днямі ці тыднямі не ўдасца прыйсці да згоды, а на гэтым тыдні не прыйшоў на сустрэчу міністраў замежных справаў у Лондан, дзе мелі абмяркоўваць тэму вайны і замірэння.
Амерыканскія і брытанскія медыі публікавалі новы «план Трампа», які называлі «апошняю прапановай». Ён прадугледжвае сярод іншага прызнання за Расеяй акупаванага Крыму, фактычнага прызнання іншых акупаваных тэрыторыяў (з вяртаннем невялікіх участкаў пад кантроль Украіны), перадачу пад амерыканскі кантроль Запарожскай АЭС, падпісанне Украінай угоды аб карысных выкапнях з ЗША ды іншае.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней адрынуў прызнанне Крыму расейскім і перадачу пад замежны кантроль Запарожскай АЭС. Але 24 красавіка Зяленскі паўтарыў: ён гатовы да перамоваў з Расеяй пасля поўнага спынення агню. Паводле Зяленскага, кампрамісам з украінскага боку будзе ўжо факт «перамоваў з тэрарыстамі». На прыпыненне агню, адзначыў ён, не пагаджаецца толькі Расея.
Як расказаў Зяленскі па перамовах у Лондане, якія прайшлі на ніжэйшым узроўні, як планавалася, Трампу былі перададзеныя дакументы пра новы варыянт мірнага плану. Паводле яго, «усё, што супярэчыць нашым каштоўнасцям і нашай Канстытуцыі», не можа быць залучанае ў пагадненне.
Алесь Наваборскі belsat.eu