Ужо два тыдні няма звестак ад беларуса Паўла Бялюціна, які жыў у Польшчы. Яго падазравалі ў сувязі з КДБ.
Інфармацыю выданню «Еўрарадыё» паведаміла жонка Бялюціна – апошні раз ён выходзіў з ёй на сувязь два тыдні таму.
Вядома, што ў 2022 годзе Бялюціна асудзілі да «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады.
Падчас выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання ў 2024 годзе ён балатаваўся ў яе ад аб’яднання «Салідарнасць», але быў выключаны са спісу пасля таго, як у базе зваротаў у КДБ, здабытай «Кіберпартызанамі», знайшлі ягоны данос на палітвязня Мікалая Аўтуховіча.
Як высветлілася з базы, Павел Бялюцін адправіў паведамленне ў КДБ 31 студзеня 2017 года. У сваім звароце ён зазначае, што ў яго «ёсць некаторыя падставы меркаваць, што грамадзянін РБ Аўтуховіч Мікалай Мікалаевіч прадумвае і пачынае ажыццяўляць падрыхтоўку да спробы ўзброенага захопу ўлады ў нашай рэспубліцы», пра што Бялюцін нібыта даведаўся са слоў самога Аўтуховіча.
Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 17 кастрычніка 2022 года на 25 гадоў калоніі строгага рэжыму. Палітвязня прызналі вінаватым паводле 10 крымінальных артыкулаў, у тым ліку ў «акце тэрарызму» і «стварэнні злачыннай групоўкі». Сваёй віны Аўтуховіч не прызнаў.
Нагадаем, што зараз вядзецца актыўны пошук спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Пра яе знікненне стала вядома ўвечары 28 сакавіка. Паведамлялася, што яна вылецела з Варшавы ў Лондан, дзе яе след згубіўся. Сувязі з Мельнікавай няма з 25 сакавіка.
Раман Шавель belsat.eu