У Літве расце пагроза з боку расейскіх і беларускіх выведных структураў. Як паведамляе Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ), з 2023 года ворагі вядуць актыўную інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю супраць беларускай дыяспары і літоўскага грамадства. Мэта – распаліць этнічную напружанасць, фармаваць вобраз Літвы як ксенафобнай дзяржавы і стварыць пагрозу для беларусаў, якія знайшлі тут прытулак.
Паводле ДДБ, у Літве дзеіць арганізаваная аперацыя, якая імітуе канфлікт паміж дзвюма сіламі: ліцвіністамі (нібыта прыхільнікамі ідэі беларускай Вялікай Літвы) і літоўскімі нацыяналістамі, што з імі змагаюцца. Мэтанакіравана ствараюцца падставы для гвалту: распаўсюджваюцца пагрозлівыя пасланні, надпісы «Вільня – наша!», прабіваюцца вокны ў крамах і ўстановах, што належаць беларусам, фіксуюцца акты вандалізму і прапагандысцкія графіці тыпу «Ціханоўская, знікні з гораду».
З вясны 2024 года аперацыя набывала больш небяспечны характар. Былі разбітыя дзверы беларускай крамы, па вокнах беларускай капліцы стралялі з пнеўматычнай зброі, быў здзейснены напад на Цэнтр беларускай супольнасці і культуры, гучалі публічныя заклікі да гвалту супраць апазіцыі.
У жніўні 2024-га на сцяне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту з’явілася надпіс: «Ціханоўская, знікні з гораду».

У 2025 годзе спецслужбы пачалі шукаць людзей, гатовых за грошы здзяйсняць гвалт над прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Злачынныя заданні маскаваліся пад прапановы зняцца ў кліпе, але ў рэчаіснасці ахвяру планаваліся збіць. Вядома, што выканаўцаў шукаюць у Telegram-каналах, сацсетках для расейскамоўных жыхароў Літвы, сярод прыхільнікаў правага экстрэмізму.
Асабліва ўразлівыя – студэнты, беспрацоўныя і асобы ў цяжкім фінансавым становішчы. Узнагароду прапаноўваюць у крыптавалюце тэтэр, а таксама праз іншыя спосабы, што ўскладняюць адсочванне транзакцыяў. Перад аплатаю патрабуюць фота, відэа, GPS-каардынаты.
У ДДБ Літвы падкрэсліваюць: любая супраца з замежнымі спецслужбамі – гэта злачынства. Асобы, якія бяруць удзел у такіх аперацыях, могуць панесці адміністратыўную ці крымінальную адказнасць.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі заклікае грамадзянаў Літвы і беларусаў не паддавацца на правакацыі, уважліва сачыць за такімі прапановамі і паведамляць пра іх у ДДБ праз тэлефон +370 700 70 007 або на pranesk@vsd.lt.
Надзея Вольная belsat.eu