навіны

У Беларусь завезлі тэхніку «ядравага» ведамства Расеі. Што гэта значыць?

Здымак з месца разгрузкі вайсковага эшалону на станцыі Азярышча
Здымак з месца разгрузкі вайсковага эшалону на станцыі Азярышча. Фота: belzhd.info
podpis źródła zdjęcia

На аэрадроме Ліпкі каля Менску заўважылі расейскую браняваную тэхніку з нумарамі, звязанымі з 12-м галоўным упраўленнем Міністэрства абароны РФ – структурай, адказнай за ядравую зброю. Паводле экспертаў, менавіта гэтае ўпраўленне абслугоўвае і транспартуе ядравыя баявыя набоі. Цяпер яго тэхніка – на рэпетыцыі параду ў Беларусі. Ці значыць гэта, што Расея набліжае ядравую прысутнасць да межаў ЕЗ?

У фотарэпартажы з рэпетыцыі параду да 9 траўня, зробленым 3 красавіка на аэрадроме Ліпкі каля Менску, журналісты радыё «Свабода» заўважылі расейскія браняваныя аўтамабілі з нумарамі з лічбавым кодам 39. Гэты код на загад Мінабароны РФ № 550 за 1999 год выкарыстоўваецца 12-м галоўным упраўленнем – структураю, што абслугоўвае ядравыя баявыя набоі і адказвае за іх бяспеку.


Нягледзячы на тое, што пазней гэты загад скасавалі, эксперты мяркуюць: коды працягваюць выкарыстоўвацца для ідэнтыфікацыі вайсковых ведамстваў, проста цяпер – без афіцыйнай публікацыі дзеля сакрэтнасці.


На рэпетыцыі былі заўважаныя прынамсі два тыпы машынаў: «Лінза» – абаронены санітарны аўтамабіль на базе «КамАЗа», які выкарыстоўваецца для эвакуацыі параненых, і «Спартак» – сучасны бронетранспарцёр для перавозу вайскоўцаў, які выкарыстоўваюць у вайне ва Украіне з 2022 года.


Усяго на рэпетыцыі зафіксавалі каля 15 адзінак такой тэхнікі. Паводле інфармацыі Таварыства чыгуначнікаў Беларусі, машыны прыбылі ў Беларусь у ноч на 30 сакавіка: эшалон з 14 вагонаў з тэхнікай і адным з расейскімі вайскоўцамі прыехаў на станцыю Азярышча каля Менску, а адтуль – на аэрадром Ліпкі.


Невядома, ці застануцца гэтыя машыны на беларускай тэрыторыі пасля параду. Але ўжо сам факт іх прысутнасці, падмацаваны перамяшчэннем эшалонаў і будаўніцтвам новай інфраструктуры, – дакладны сігнал, што Беларусь усё мацней уцягваецца ў расейскую ваенную логіку і можа стацца часткай ядравай гульні Масквы.

Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі. Фота: belzhd.info
Расейская вайсковая тэхніка ў Беларусі. Фота: belzhd.info

Эксперт у расейскай абароннай палітыцы Павел Лузін у каментары радыё «Свабода» адзначыў:


«12-ае ГУМА – адно з нешматлікіх месцаў, дзе застаўся парк сучаснай тэхнікі. Таму, адпраўляючы машыны на парад у Беларусь, Расея дае сігнал Захаду і адначасова спрабуе паказаць, што ўсё пад кантролем. Але наяўнасць тэхнікі яшчэ не азначае, што ядравая зброя ўжо ў Беларусі».


Паводле экспертаў, уся тэхніка можа быць часткаю рыхтавання да магчымага перамяшчэння ядравай зброі на тэрыторыю Беларусі. Раней ужо паведамлялася пра будаўніцтва вайсковых аб'ектаў каля Асіповічаў, дзе могуць з’явіцца склады і інфраструктура для ядравых баявых набояў.


Нагадаем: на паседжанні сталай нарады Савету бяспекі ў справе ядравага стрымлівання 25 верасня Уладзімір Пуцін прапанаваў змяніць ядравую дактрыну Расеі і замацаваць права ўжываць ядравую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.


У абноўленай дактрыне прапаноўваецца агрэсію супраць Расеі з боку любой няядравай дзяржавы, але з удзелам ці пры падтрыманні ядравай, разглядаць як напад на Расейскую Федэрацыю.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10