навіны

Расея выношвае планы вайны з тэрыторыі Беларусі?

Дырэктар Службы вонкавай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін і кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель
Дырэктар Службы вонкавай выведкі Расеі Сяргей Нарышкін і кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель. Менск, 15 красавіка 2025 года. Фота: Пул Первого /Тэлеграм
podpis źródła zdjęcia

З беларускай зямлі гучаць сур’ёзныя пагрозы нашым суседзям. Што расейскія спецслужбы задумалі для Беларусі? Як правільна разумець заявы дырэктара расейскай Службы вонкавай выведкі Сяргея Нарышкіна, агучаныя ў Менску? Які небяспечны для Лукашэнкі намёк прагучаў з боку кіраўніка СВВ? Аналіз у праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою і Змітром Міцкевічам.

Сяргей Пеляса: Ці ўяўляеш сабе сцэнар, дзе Нарышкін з Лукашэнкам абмяркоўваюць, як яны падчас вучэнняў «Захад-2025» будуць арганізоўваць правакацыю супраць адной з балтыйскіх дзяржаваў альбо націснуць на Украіну, каб яна была больш падатлівая ў магчымых перамовах перамір’я, якія нібыта ідуць, але насамрэч далёка ад міру?

 

Зміцер Міцкевіч: Гэта цікавы момант, бо калі б такія навіны Лукашэнку хтосьці мог прынесці, то гэта мог бы быць Сяргей Нарышкін, улічваючы ягоныя добрыя асабістыя стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта цалкам працоўны сцэнар. Глядзі, выходзіць, яны збіраюцца і абмяркоўваюць цалкам рэальныя планы, як такое арганізоўваць. 

,,

Не тое, каб Лукашэнка тут прымаў нейкую пастанову. Верагодна, яго папросту паінфармуюць, што зробяць так і так, а ад яго трэба тое і тое. Мы даслалі чалавека, адказнага за гэтыя рэчы, а Нарышкін адказны за падобныя правакацыі. 


Цікава, што з Іванам Церцелем ён будзе гэта абмяркоўваць і казаць, гэта ўжо тэхнічныя пытанні. З Лукашэнкам спачатку абмеркаваў палітычныя пытанні, прыехаў і паведаміў, а з Церцелем тэхнічныя пытанні. Зараз мы будзем рабіць так і так. Гэтая калегія спецслужбаў, што адбываецца, можа такой нарадаю выглядаць. З улікам таго, што Расея цяпер мае патрэбу ў эскалацыі і нябачна, што яны збіраюцца на мірныя перамовы, верагодна, што такія планы выношваюць. Калі мы дапусцім, што ў такім каленкоры ідзе, то такая хада падзей выглядае лагічна. Мы не так даўно абмяркоўвалі фінскі серыял пра гібрыдную агрэсію. Там падобныя ідэі абмяркоўваюцца.

 

Сяргей Пеляса: Калі ты ўзгадаў, пару словаў варта сказаць. Фінскі серыял «Канфлікт», што выпусцілі летась увосень, можна бясплатна знайсці на Youtube. Калі адбываецца гібрыдная агрэсія супраць Фінляндыі, вельмі падобна да сцэнара, як адбывалася расейская агрэсія супраць Украіны з захопам Крыму і Данбасу. Адзін з галоўных эпізодаў звязаны з Беларуссю. З беларускага грамадзянскага самалёта выскокваюць дэсантнікі на тэрыторыі Фінляндыі і захопліваюць частку тэрыторыі. Для фінаў, хоць Беларусь за морам, гэта можа быць пагрозаю. Беларусь можа быць выкарыстаная. Беларускі грамадзянскі самалёт, што ляціць з Беларусі ў Расею, не выклікае падазрэнняў, а ў ім расейскія дыверсанты. Ёсць фрагмент выказвання Сяргея Нарышкіна, бо дырэктар расейскай Службы вонкавай выведкі даў вялікую прэс-канферэнцыю прапагандысцкім медыям Лукашэнкі. Самая небяспечная для Беларусі і суседзяў заява.

 

«На словах увесь час бразгаюць зброяй. А Польшча дайшла да таго, што заяўляе пра свае планы ўсталяваць уздоўж межаў з Беларуссю і Калінінградскай вобласцю РФ каля двух мільёнаў процітанкавых мінаў, і вельмі хацела б, разлічвае і спадзяецца атрымаць яшчэ і амерыканскую ядравую зброю. Гэта, вядома, сумна. Яны ніяк не могуць зразумець, што менавіта нарошчванне вайсковай актыўнасці каля межаў Расеі і Беларусі сталася адным з фактараў, адной з прычынаў цяперашняга вялікага, вострага і вельмі небяспечнага крызісу на еўрапейскім кантыненце. Яны б павінны зразумець, хоць пакуль не разумеюць, што ў выпадку агрэсіі Паўночнаатлантычнага альянсу супраць Саюзнай дзяржавы шкода будзе нанесеная ўсяму блоку NATO, але ў большай ступені і першыя, хто пацярпіць, – гэта носьбіты такіх ідэяў сярод палітычных колаў Польшчы і Балтыйскіх краінаў», – сказаў Нарышкін.

 

Для мяне гэта прагучала як адкрытая пагроза, калі Польшча, краіны Балтыі будуць паводзіць сябе, як Украіна, – нарошчваць свае абаронныя патэнцыялы.

,,

Суседзі Беларусі нарошчваюць патэнцыялы, каб абараніцца ад магчымай агрэсіі. Не каб атакаваць NATO, гэта абарончы альянс. Калі будуць працягваць мініраваць мяжу, то з імі будзе так, як з Украінаю? Гэта пагроза, агучаная з тэрыторыі Беларусі для яе суседзяў. 


Для мяне гэта азначае, што Расея выношвае планы вайны супраць NATO, такой ці іншай, абмежаванай, можа, бо сілаў на поўнамаштабную няма. Гэтая пагроза гучыць з тэрыторыі Беларусі, а значыць, гэта і пагроза Беларусі. Як ты гэта бачыш?

 

Зміцер Міцкевіч: Гэта тое, што Нарышкін праводзіць у сваёй прапагандзе. Яны сваю ўнутраную расейскую аўдыторыю ўжо пэўны час рыхтуюць да таго, што яны будуць ваяваць супраць NATO. Мы можам гэтага не заўважаць і ўспрымаць па-рознаму, але гучыць гэта менавіта так. Ён прыехаў у Беларусь і гэту аўдыторыю рыхтуе да таго ж самага. Ён транслюе роўна той жа мэсідж, што і на расейскую аўдыторыю: «Еўрапейцы збіраюцца на нас напасці, мы мусім абараняцца». Іх трэба разумець роўна наадварот: яны збіраюцца атакаваць NATO, яны збіраюцца ствараць узброеныя правакацыі дзеля таго, каб змабілізаваць сваё насельніцтва на абарону святой Русі. У сваёй прапагандзе гэта яны абараняюцца, яны ні на каго не нападалі, не яны распачалі вайну. Гэта тая самая рыторыка.

 

Сяргей Пеляса: Гэта сведчыць пра тое, што пагроза ўцягвання Беларусі ў канфлікт асабліва цяпер, за некалькі месяцаў да вучэнняў «Захад-2025» і на фоне гэтых заяваў Нарышкіна, павялічваецца.

 

Больш глядзіце ў праграме:


belsat.eu


больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10