На 92-м годзе жыцця памёр вядомы грузінскі скульптар Зураб Цэрэтэлі. Адны называлі яго геніем, іншыя – галоўным «помнікастваральнікам» савецкае і постсавецкае эпохі. Але не выклікае сумневаў тое, што ягоныя творы ўпісаныя ў гарадскія ландшафты розных краінаў і часоў.
Зураб Цэрэтэлі памёр у ноч на 22 красавіка ў сваёй майстэрні ў Маскве. Пра гэта паведаміў ягоны памочнік. Паводле інфармацыі, што агучваюць родныя памерлага, развітанне адбудзецца ў храме Хрыста Збаўцы, а пахаваюць скульптара на ягонай радзіме – у Грузіі.
За сваё жыццё Цэрэтэлі стварыў больш за 5000 твораў: ад жывапісу і графікі да фрэсак, мазаікі і грандыёзных скульптураў. Ён быў галоўным мастаком МЗС СССР, афармляў Алімпіяду-80, аднаўляў інтэр’ер храму Хрыста Збаўцы і кіраваў будаўніцтвам комплексу на Паклоннай гары.
Сярод ягоных самых вядомых твораў – 98-метровы помнік Пятру I у Маскве, манумент «Сляза смутку» ў Нью-Джэрсі ў памяць ахвяраў 11 верасня і скульптура «Дабро перамагае зло» каля штаб-кватэры ААН.
Ягоныя скульптуры ўпрыгожваюць цэнтры шмат якіх гарадоў па ўсім свеце – ад Тбілісі да Нью-Ёрку. Цэрэтэлі часта абвінавачвалі ў «культавым гігантызме», але для мільёнаў людзей ягоныя творы сталіся неад’емнай часткаю іхных успамінаў і гарадскога асяроддзя.
Надзея Вольная belsat.eu