Папа Францішак памёр у выніку інсульту і незваротнага сардэчна-сасудзістага калапсу, паведаміла ўвечары 21 красавіка прэс-служба Ватыкану.
Пантыфік пайшоў з жыцця раніцай а 07:35 у велікодны панядзелак, 21 красавіка, у сваёй кватэры ў Доме Святой Марфы пры Саборы Святога Пятра ў Ватыкане. У Папы здарыўся інсульт галаўнога мозгу, які выклікаў кому і незваротны кардыяцыркуляторны калапс. Электракардыятанаграма зафіксавала поўнае спыненне сэрца.
Смерць пантыфіка засведчыў прафесар Андрэа Арканджэлі, кіраўнік Дырэкцыі здароўя і гігіены Ватыкану.
У медычных высновах адзначаецца, што Папа Францішак цярпеў ад наступстваў вострай дыхальнай нястачы, выкліканай двухбаковай мікробнай пнеўманіяй, множных бронхаэктазаў, артэрыяльнай гіпертэнзіі і дыябету ІІ тыпу.
,,«Я заяўляю, што прычыны смерці, паводле маіх ведаў і сумлення, – тыя, што пазначаныя вышэй», – напісаў Арканджэлі.
Пра тое, што смерць Папы Францішка не звязаная з дыхальнымі праблемамі, раней паведамілі італьянскія медыі. Выданне «Corriere della Sera» пісала, што ў панядзелак 21 красавіка пантыфік прачнуўся а шостай гадзіне раніцы і пачуваўся добра, але а сёмай гадзіне яму зрабілася кепска – імаверна, здарыўся інсульт ці кровазліццё ў мозг. Папа памёр а 07:35. Паводле медыкаў, «адышоў спакойна».
За дзень да смерці Папа Францішак правёў Велікодную імшу, у якой заклікаў спыніць войны ды «зноў спадзявацца і давяраць іншым», нават калі яны з далёкіх краінаў і моцна адрозніваюцца.
Апошнім часам Папа Францішак асабліва моцна хварэў. Яго шпіталізавалі 14 лютага ў Рыме. Спачатку меркавалася, што ў яго быў бранхіт, аднак выявілася, што двухбаковая пнеўманія. Ягоны стан ацэньвалі як цяжкі. Пантыфіка выпісалі толькі 23 сакавіка. Пасля гэтага на публіцы ён з'явіўся 6 красавіка.
Папу Францішку (Хорхэ Мар’ё Бэргольё) было 88 гадоў. За 12 гадоў папства ён пакутаваў на розныя хваробы. Хорхэ Мар’ё Бэргольё быў абраны Папам 13 сакавіка 2013 года. Ён стаўся 266-м кіраўніком Каталіцкага Касцёлу і першым у гісторыі Папам з Новага Свету.
Марыя Міхалевіч belsat.eu