навіны

Пуцін прызнаў удар па Сумах і назваў яго «адплатай»

Наступствы ракетнага ўдару па горадзе Сумы
Наступствы ракетнага ўдару па горадзе Сумы, Украіна. 13 красавіка 2025 года. Фота: Klymenko_MVS / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У панядзелак, 21 красавіка, Уладзімір Пуцін паведаміў, што «велікоднае перамір’е» з Украінай скончылася і баявыя дзеянні аднавіліся, а таксама пракаментаваў удары па цывільных аб’ектах, у прыватнасці, па Сумскім універсітэце.

Пуцін узгадаў удар па Сумах, здзейснены ў Вербную нядзелю 13 красавіка, у адказ на прапанову Кіеву не наносіць удары па аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры – кіраўнік Расеі заявіў, што «з гэтым трэба разабрацца».

,,

«Ну, напрыклад, усім добра вядомы ўдар нашых узброеных сілаў па кангрэс-цэнтры, па-мойму, Сумскага ўніверсітэту. Цывільны гэта аб’ект ці не? Цывільны. Але там праходзіла ўзнагароджанне», – сказаў Пуцін і дадаў, што ўдар быў «адплатай» за аперацыю ЗСУ ў Курскай вобласці РФ.


Наступствы расейскай атакі на горад Сумы, Украіна. 13 красавіка 2025 года. Фота: Yehor Kryvoruchko/Kordon.Media/Global Images Ukraine via Getty Images

«Здзеклівы адказ Расеі». Рэакцыі ў свеце на абстрэл Сумаў

Вайна

Гэтак жа кіраўнік Расеі апраўдаў удар па Адэскай вобласці:


«Ну і што гэта за аб’ект? Сельгасаб’ект, ангары, сельгаспрадпрыемствы. Ну, там кіеўскія ўлады разам з замежнымі куратарамі і памочнікамі спрабавалі арганізаваць не толькі вытворчасць, але і выпрабаванні новай ракетнай сістэмы. Туды і быў нанесены ўдар. Так гэта цывільны аб’ект ці не? Цывільны, але ён выкарыстоўваўся для ваенных мэтаў».


Ахвярамі ўдару па Сумах сталі 35 чалавек, у тым ліку – двое дзяцей. Пацярпелі 125 чалавек, з іх 107 дарослых і 18 дзяцей. 


Цырымонія ўзнагароджання, пра якую кажа Пуцін, праходзіла ў сутарэннях Сумскага ўніверсітэту. Ніхто з вайскоўцаў не пацярпеў. 15 красавіка Уладзімір Зяленскі звольніў кіраўніка Сумскай абласной ваеннай адміністрацыі Уладзіміра Арцюха як адказнага за арганізацыю узнагароджання вайскоўцаў.


Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што з паўночы 21 красавіка рэгіёны Украіны былі атакаваныя з прымяненнем 96 дронаў і трох ракетаў розных тыпаў. Былі абстраляныя Чаркасы, Мікалаеў, Херсон. Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі са спасылкай на галоўнакамандуючага ЗСУ Аляксандра Сырскага паведаміў пра 2935 выпадкаў парушэнняў з боку РФ.


Кіраўнік Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін распавёў, што ў панядзелак расейская армія з дапамогай беспілотніка атакавала жыхароў сяла Белазёрка, якія проста ішлі па вуліцы. Загінула жанчына сталага ўзросту, 47-гадовы мужчына трапіў у шпіталь з раненнямі. Агулам у рэгіёне за мінулыя содні ў выніку расейскай агрэсіі загінулі тры чалавекі, трое былі параненыя.


Пуцін у сваю чаргу заявіў, што Украіна парушыла перамір’е 4900 разоў і здзейсніла 90 спробаў удараў дронамі самалётнага тыпу і 1400 артабстрэлаў, хоць актыўнасць баявых дзеянняў знізіла.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10