Хакейнае менскае «Дынама» пацярпела паразу ў пятай гульні чвэрцьфінальнай серыі плэй-оф КХЛ. У Чэлябінску зубры саступілі гульцам мясцовага «Трактару» – 1:3.
Адметна, што ў матчы не прыняў удзел асноўны брамнік «Дынама» расеец Васіль Дземчанка. Паводле журналісцкіх інсайдаў, напярэдадні, пасля каманднага адбою, ён без дазволу выправіўся на юбілей свайго бацькі. Як вынік, у дзень гульні трэнерскі штаб пасадзіў Дземчанку на лаву запасных.
«Пра брамніка не буду казаць. Прынялі такое рашэнне, значыць прынялі», – казаў галоўны трэнер ХК «Дынама» (Менск) Дзмітрый Квартальнаў.
У серыі «Трактар» перамог з лікам 4:1 і цяпер працягне барацьбу за Кубак Гагарына. Для «Дынама» ж сезон завершаны. Ці магло ўсё скласціся інакш? У першай і другой гульнях з «Трактарам» «Дынама» пацярпела паразы, хаця і вяло ў ліку. У адным з матчаў зубры нават страцілі перавагу ў тры(!) закінутыя шайбы.
«На жаль не хапіла досьведу ў серыі з «Трактарам» і не хапіла рэалізацыі тых момантаў, якія былі», – пракаментаваў вынікі гульняў капітан ХК «Дынама» (Менск) Андрэй Стась.
Зрэшты, мінулы сезон усё роўна стаў самым паспяховым у гісторыі выступаў менскага «Дынама» у КХЛ. Зубры занялі чацвёртае месца ў Заходняй канферэнцыі лігі, а ў дадатак упершыню пераадолелі першы раўнд плэй-оф. Заўзятары асабліва запомняць дзве пераможныя гульні «Дынама» у Кубку Гагарына. 7:0 над ЦСКА, ды 8-0 над «Трактарам».
Адной з прычынаў удалай гульні клубу хакеісты называлі падтрымку «Менск-Арэны». Сёлета на ёй зафіксавалі рэкордную колькасць аншлагаў. А квіткі на гульні плэй-оф так званыя перакупы спрабавалі прадаваць за 700 рублёў, хоць іх афіцыйная цана – 440.
Далучыцца да поспехаў «Дынама» паспрабаваў і Лукашэнка. Напярэдадні серыі з «Трактарам» ён вырашыў сустрэцца з гульцамі.
Лукашэнка пакідаў па браме Васілю Дземчанку, а ў дадатак падарыў хакеістам мёд з Аману і беларускія сала з хлебам. Выглядае, не дапамагло.
Ян Федаровіч belsat.eu