Прычынаю смерці Папы Рымскага Францішка мог стацца інсульт, піша італьянскае выданне «Corriere della Sera».
Паводле медыя, у панядзелак 21 красавіка пантыфік прачнуўся а 6-й гадзіне раніцы і адчуваў сябе добра, але а 7-й гадзіне яму зрабілася кепска – імаверна, здарыўся інсульт ці кровазліццё ў мозг. Папа памёр а 7:35. Паводле медыкаў, «сышоў спакойна».
За дзень да смерці Папа Францішак правёў Велікодную імшу, у якой заклікаў спыніць войны ды «зноў спадзявацца і давяраць іншым», нават калі яны з далёкіх краінаў і моцна адрозніваюцца.
Апошнім часам Папа Францішак асабліва моцна хварэў. Яго шпіталізавалі 14 лютага ў Рыме. Спачатку меркавалася, што ў яго быў бранхіт, аднак выявілася, што двухбаковая пнеўманія. Ягоны стан ацэньвалі як цяжкі. Пантыфіка выпісалі толькі 23 сакавіка. Пасля гэтага на публіцы ён з'явіўся 6 красавіка.
Папу Францішку (Хорхэ Мар’ё Бэргольё) было 88 гадоў, і за 12 гадоў папства ён пакутаваў на розныя хваробы.
Хорхэ Мар’ё Бэргольё быў абраны Папам Рымскім 13 сакавіка 2013 года. Ён стаўся 266-м кіраўніком Каталіцкай Царквы і першым у гісторыі Папам з Новага Свету.
Марыя Міхалевіч belsat.eu