навіны

На Палессі перасыхаюць балоты. Чым гэта пагражае?

Балоты на Палессі
Балоты на беларускім Палессі. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: bahna.land
podpis źródła zdjęcia

На ўсім Палессі, як у беларускай, так і ва ўкраінскай яго частцы, перасыхаюць балоты. У Гомельскай вобласці ўжо пачалі гарэць тарфянікі. Якія яшчэ наступствы нас чакаюць, калі працэс перасыхання не спыніцца? Апавядае «Флагшток» са спасылкаю на заснавальніка ўкраінскага прыроднага цэнтру «Міжрэчанская пушча» Андрэя Сагайдака.

Андрэй Сагайдак расказаў пра асноўныя праблемы Палесся на прыкладзе поўначы Чарнігаўскай вобласці, што мяжуе з Гомельшчынаю. Сёлета тут катастрафічна нізкі ўзровень вады. Гэта звязанае з тым, што летась было сухое лета, асабліва яго другая палова. Не было дастатковай колькасці дажджоў і ўвосень. Зіма таксама была амаль без ападкаў. Гэта вельмі нехарактэрная сітуацыя для рэгіёну, кажа эксперт:

,,

«Цяпер вясна, але значных дажджоў дагэтуль не было. На балотах заўважна знізіўся ўзровень вады. Дзякуючы некалькім дажджлівым дням і снегу, што ненадоўга выпаў, сталася крыху лепш. Вада ў балотах усё ж крыху паднялася, а глеба завільгатнела. Але пакуль гэтага недастаткова».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мястэчка Мір, Беларусь. 18 красавіка 2016 года. Фота: Serge Zykov / Flickr, CC BY-SA 2.0

Снег прайшоў – далей засуха? Што будзе з надвор’ем і што можа зрабіць звычайны беларус

Шуфлядка

Цяперашні ўзровень вады ў балотах характэрны для нармальнага лета, але не для ранняй вясны, зазначае Андрэй Сагайдак. А балоты – гэта рэзервуары, з якіх сілкуюцца малыя рэкі. Таксама балоты ўтрымліваюць узровень грунтовых водаў. Калі вада на балоце апусцілася, варта чакаць засуху. Вада можа знікнуць і ў калодзежах.


Адмысловец нагадвае, што падобныя сітуацыі былі ў 2015 і 2020 гадах, аднак усё ж у меншых маштабах. Сёлета ж назіраецца адна з самых сухіх вёснаў. Сітуацыя складаная не толькі на Чарнігаўшчыне, але і на поўначы Жытоміршчыны, што мяжуе з Лельчыцкім, Ельскім і Мазырскім раёнамі Беларусі.


«Цяпер Палессе павінна быць пераўвільготненым рэгіёнам, бо менавіта адсюль вада сцякае далей, па Дняпры. Але цяпер на Палессі суха, і гэта ненармальна. Некалі ўважалася, што Палессе – гэта зона празмернага ўвільгатнення, тут працэсы забалочвання. Але гэтага ўжо даўно няма, плошча балотаў скарачаецца планамерна з кожным годам», – кажа Сагайдак.


Эксперт папярэджвае, што калі цяпер не будзе вялікіх дажджоў, лета будзе вельмі сухім. Гэта моцна паўплывае на сельскую гаспадарку. Могуць больш часта здарацца тарфяныя пажары.


За содні 20–21 красавіка ў Беларусі былі зліквідаваныя дзевяць лясных пажараў на агульнай плошчы 4,117 гектара. Таксама працаўнікі МНС выязджалі на 76 пажараў травы і хмызняку, паведамляе БелТА.


Каля вёскі Малыя Сялюцічы ў Петрыкаўскім раёне тушылі тарфяны пажар. Для яго ліквідацыі была задзейнічаныя 14 адзінак тэхнікі і 43 асобы. Узгаранне было злакалізаванае, яго плошча складала 10 гектараў.


2024 год у Беларусі стаўся самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў. Студзень 2025-га таксама быў рэкордна цёплы – ажно азімыя папрачыналіся. Люты ў Беларусі быў на 1 градус халаднейшы за кліматычную норму. Але ўжо сакавік быў найцяплейшым месяцам за гісторыю назіранняў у Еўропе (на 2,41 °С вышэй за сярэднюю тэмпературу 1991–2020 гадоў) і другім найцяплейшым глабальна (плюс 0,65 °С да тэмпературы 1991–2020 гадоў). Пры тым Беларусь у еўрапейскіх лідарах змены клімату: +2,7 °С да сярэдняй тэмпературы 1951–1980 гадоў.


Паводле прадстаўніцы беларускай экалагічнай арганізацыі «Зялёная сетка» Ірыны Панядзельнік, сёлета ў Беларусі можна чакаць засуху, дэфіцыт ападкаў, што паўплывае на ўраджай асноўных сельскагаспадарчых культураў. Найбліжэйшыя 10–20 гадоў можна чакаць яшчэ больш экстрэмальных з’яваў надвор’я, як то засухаў і лясных пажараў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10