Беларуская дзяржаўная прапаганда захапляецца прэзідэнтам ЗША Доналдам Трампам і падлізваецца да Уладзіміра Пуціна. Да такіх высноваў прыйшлі эксперты iSANS у справаздачы аб прапагандзе па выніках сакавіка.
«У сакавіку беларуская прапаганда ўзмацніла сваю ўвагу да вонкавай палітыкі: саюзу з Расеяй, партнёрства з Кітаем і насцярожанага стаўлення да Захаду. Украіну ўсё часцей называлі "часткаю славянскага свету", у той час як Еўрапейскі Звяз адлюстроўваўся як крыніца пагрозаў», – апавядае iSANS.
Таксама на фоне «інаўгурацыі» Аляксандра Лукашэнкі былі спробы гераізаваць яго і ўмацаваць ягоны імідж «адзінага законнага лідара краіны».
«Беларуская прапаганда спрабуе знайсці тлумачэнне для грамадства, чаму адзін чалавек так доўга ва ўладзе, і з гэтай мэтаю міфалагізуе месца і ролю Лукашэнкі ў найноўшай гісторыі Беларусі», – адзначае ISANS.
Яшчэ адзін з асноўных пасылаў прапаганды – выключная важнасць і непарушнасць саюзу з Расеяй. Пры гэтым аналітыкі заўважылі, што Лукашэнка рэгулярна дае зразумець, што Беларусь не збіраецца станавіцца часткаю Расеі. У сакавіку ён таксама казаў пра гэта ў Маскве, на сустрэчы з членамі Савету Федэрацыі Расеі.
Беларускія дэмакратычныя сілы па-ранейшаму ёсць галоўнай мішэнню прапагандысцкіх нападаў. У сакавіку Лукашэнка выступіў з пагрозамі на адрас некаторых «публічных людзей», якія «сядзяць ціха», відавочна, з ліку тых, хто падтрымаў пратэсты 2020 года і ўсё яшчэ застаюцца ў краіне.
На думку аналітыкаў, такая заява можа стацца сігналам да пачатку новага вітка палітычных рэпрэсіяў.
Вядома, прапаганда радая дзеям Доналда Трампа. Закрыццё ягонай адміністрацыяй Федэральнага агенцтва ў міжнародным развіцці (USAID) і іншых падобных фондаў было сустрэтае з вялікай ухвалаю.
«Прапагандысты ў захапленні ад дзеяў Трампа ў галіне замежнай палітыкі, асабліва ў дачыненні вайны ва Украіне. Скептыкі, аднак, заклікаюць рыхтавацца да ціску на Расею і Беларусь. Іншыя нават раяць не давяраць Трампу і Захаду ў цэлым, засяродзіўшыся на саюзе з Расеяй і ўмацаванні партнёрскіх стасункаў з Кітаем, Іранам і Паўночнай Карэяй», – робіць выснову iSANS.
Арсен Рудэнка belsat.eu