У беларускіх папраўчых калоніях ізноў абвастрылася праблема з атрыманнем грашовых пераводаў, паведамляюць праваабаронцы з «MAYDAY TEAM».
Плацяжы «Беларусбанку» масава вяртаюцца з папраўчых установаў адпраўнікам прыкладна праз тыдзень пасля транзакцыі. Гэта пачалося з другой паловы сакавіка.
Паўторныя пераводы таксама вяртаюцца, хоць звесткі адпраўнікоў у якасці сваякоў унесеныя ў асабістыя справы асуджаных. Гэта значыць, праблемаў з атрыманнем грошай зняволенымі быць не павінна.
Праваабаронцы высветлілі, што ў некаторых папраўчых калоніях ад асуджаных пачалі патрабаваць адмысловыя заявы з указаннем асобы, ад якой можа быць атрыманы грашовы перавод. Пры такіх умовах паўторны перавод даходзіў да адрасата.
Акрамя таго, у некаторых выпадках «Беларусбанк» пачаў адмаўляць сваякам палітвязняў, бо прозвішчы асуджаных змешчаныя ў спісах «тэрарыстаў». Раней такія базы звестак выкарыстоўвала толькі «Белпошта». З сакавіка яны з'явіліся і ў некаторых банках.
Арсен Рудэнка belsat.eu