Беларусь захоўвае ўстойлівыя тэмпы росту эканомікі, аднак прамысловасць стрымлівае рост, адзначае Еўразійскі банк развіцця ў штотыднёвым аглядзе.
Эканоміка Беларусі вырасла на 3,1 % у гадавым вылічэнні ў студзені – сакавіку. Еўразійскі банк развіцця адзначае, што гэты рост забяспечылі вялікія выдаткі людзей.
«Рост падтрымліваецца сектарамі, арыентаванымі на ўнутранае спажыванне: раздробны тавараабарот вырас на 10,8 % год да года, тавараабарот грамадскага харчавання – на 5,5 % г/г», – піша ЕАБР.
Пры гэтым прамысловасць у пачатку года расце менш, чымся эканоміка ў цэлым – плюс 2,1 % у гадавым выражэнні.
У ЕАБР адзначаюць: прамысловасць адстае на фоне павелічэння складскіх запасаў, гэта значыць, яе прадукцыя не прадаецца.
У аглядзе эканомікі ў выніку лютага эксперт BEROC Анатоль Харытончык адзначаў, што ўзровень складскіх запасаў склаў 75,7 % ад сярэднямесячнай вытворчасці. Гэта шмат, прыкладна такі ж узровень запасаў быў пасля ўвядзення сур'ёзных заходніх санкцыяў супраць Беларусі з сярэдзіны 2022 года да жніўня 2023-га. Таксама зніжаўся экспарт тавараў.
«Мяркуючы па ўсім, складанасці са збытам адчувае машынабудаванне. У тым ліку праз высокую канкурэнцыю і запаволенне росту попыту на расейскім рынку», – адзначыў Анатоль Харытончык.
Паводле эксперта, калі прадпрыемствы працягнуць нарошчваць складскія запасы для выканання планавых паказнікаў, дэфіцыт вонкавага гандлю будзе падтрымлівацца, а з фінансамі ў кампаніяў будуць праблемы.
Таксама ЕАБР адзначае, што інвестыцыйная актыўнасць павысілася ў першым квартале: абʼём інвестыцыяў вырас на 18,3 % у гадавым выражэнні, чаму шмат у чым спрыяла павелічэнне закупак абсталявання на 26,2 %.
Арсен Рудэнка belsat.eu