Амерыканскі тэлеканал «Fox News» апынуўся ў цэнтры міжнароднага скандалу пасля таго, як падчас велікоднай трансляцыі назваў Кіеў расейскім.
Інцыдэнт адбыўся 20 красавіка падчас жывога эфіру з богаслужэння ў Маскве і Кіеве, паведамляе УНІАН. У акне з трансляцыяй са Свята-Міхайлаўскага сабору ў Кіеве на экране з’явіўся надпіс: «Жыўцом: Велікодная служба. Кіеў, Расея».
Памылка была пазней выпраўленая, аднак гэта не засталося незаўважаным.

У МЗС Украіны на інцыдэнт адрэагавалі рэзка, заявіўшы, што патрабуюць неадкладнага перапрашэння ад «Fox News» і пакарання адказных за надпіс. Паводле прадстаўніка замежнапалітычнага ведамства Георгія Ціхага, ва Украіне спадзяюцца, што гаворка ідзе пра тэхнічную недарэчнасць, а не пра свядомую палітычную заяву.
«Калі гэта была памылка, а не свядомая палітычная заява, варта папрасіць прабачэння і расследаваць, хто дапусціў памылку», – напісаў Ціхі ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы Х.
Тэлеканал «Fox News» – буйны медыярэсурс кансерватыўнага напрамку, які ў шматлікіх пытаннях падтрымлівае Доналда Трампа і рэспубліканцаў.
Раман Шавель belsat.eu