Бальшыня расейцаў, якія плануюць выехаць за мяжу падчас «доўгіх выходных» на Дзень Расеі (прыпадае на 12 чэрвеня), збіраюцца наведаць Менск.
Паводле даследавання, праведзенага сэрвісам для планавання падарожжаў «OneTwoTrip», за мяжу на чэрвеньскія святы збіраюцца выехаць 20,6 % расейцаў, паведамляе ТАСС. Найбольш запатрабаваным кірункам для падарожжаў указваецца Менск.
Доля беларускай сталіцы складае 9,2 %. Гэта больш, чым, напрыклад, у Стамбул (9,1 %) або Парыж (7,7 %) або Токіа (3,5 %). Сярэдняя цана нумару ў гатэлі за ноч указваецца ў межах 7 тысячаў расейскіх рублёў (каля 280 беларускіх рублёў).У самой Расеі найбольшая колькасць падарожнікаў плануе наведаць Санкт-Пецярбург – 26,5 % усіх рэзерваванняў прыпадае менавіта на гэты горад. Другую і трэцюю пазіцыі займаюць Масква і Ніжні Ноўгарад. Агулам жа 79,4 % турыстаў не пакідаюць межаў краіны.
У 2025 годзе 12 чэрвеня, Дзень Расеі, прыпадае на чацвер, а пятніца таксама будзе выходным, што дае магчымасць для чатырохдзённага адпачынку.
Раман Шавель belsat.eu