Станам на 6:00 раніцы 20 красавіка расейскія войскі здзейснілі ўжо 59 абстрэлаў і пяць штурмавых дзеянняў на розных участках фронту, паведаміў галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі.
Інфармацыю пра абстрэлы апублікаваў на сваім канале прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Баявыя сутыкненні былі зафіксаваныя ў аператыўна-тактычных зонах «Старобільск» (адзін бой), «Данецк» – тры сутыкненні на Пакроўскім і Навапаўлаўскім кірунках, а таксама ў ваколіцах Стэпавога на Запарожскім кірунку. Актыўна выкарыстоўваюцца беспілотнікі тыпу FPV.
Акрамя таго, расейскія сілы здзейснілі артылерыйскія абстрэлы і атакі дронамі на тэрыторыі Куршчыны. У адказ украінскія вайскоўцы адбіваюць удары ў адпаведнасці з канкрэтнымі баявымі ўмовамі.
Увечары і ноччу, з 18:00 да поўначы, расейская армія здзейсніла 387 абстрэлаў і 19 штурмавых дзеяў. Зафіксаваныя 290 выпадкаў выкарыстання беспілотнікаў.
На раніцу Вялікадня камандаванне канстатуе: Расея спрабуе стварыць уражанне захавання рэжыму цішыні, але на асобных участках працягвае наступальныя дзеі і наносіць страты Украіне.
Уладзімір Зяленскі падкрэслівае: Расея мусіць выконваць усе ўмовы замірэння. Прапанова Кіева аб працягненні «вялікоднай цішыні» яшчэ на 30 дзён пасля поўначы сённяшняга дня застаецца ў сіле. Далейшыя дзеі будуць залежаць ад рэальнай сітуацыі на месцах.
Вядома таксама, што ўвечары 19 красавіка расейскія войскі нанеслі ўдар з рэактыўных сістэмаў залпавага агню па Днепрапятроўшчыне. Як удакладніла кіраўніца абласной ваеннай адміністрацыі, пад абстрэлам апынулася Вялікаміхайлаўская грамада Сінельнікаўскага раёну. Пашкоджаныя сем прыватных дамоў, а таксама лінія электраперадачы. Ахвяраў і параненых няма.
Нагадаем, што Уладзімір Пуцін заявіў, што загадаў расейскім войскам спыніць агонь а 18-й гадзіне 19 красавіка. Ягоная прапанова прадугледжвае замірэнне толькі да канца нядзелі 20 красавіка (да канца Вялікадня). Палітык таксама сказаў, што разлічвае на ўзаемнасць Украіны.
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прапанаваў працягнуць замірэнне не да канца Вялікадня, а на 30 дзён.
Раман Шавель belsat.eu