Лукашэнка наведаў «Мотавела» і не змог сесці на новы матацыкл. У Беларусі рост колькасці інсультаў, Гомель мог бы здзівіць робатам. Хакейны клуб «Дынама» разрывае КХЛ – у чым галоўны сакрэт поспеху? Навінкі медыцыны ў «Навіны з будучыні» Вольгі Старасцінай.
Аляксандр Лукашэнка нічога не любіць так, як увагу да сябе. Чаго ён толькі ні рабіў дзеля гэтага. Нават з сынам любімым, малодшанькім, без каскі на «гарлі-дэйвідсане» з ветрыкам ганяў. А калі каардынацыя пагоршылася, дык на трохколавы транспарт перасеў.
Ганяючы на амерыканскіх «гарлі» ды расейскіх «уралах», заляцела гэтаму байкеру ў галаву думка айчынных жалезных коней навырабляць, на зайздрасць усяму свету.
Двухколавую будучыню Лукашэнка пачаў нам маляваць 20 гадоў таму – а яна ўсё ніяк не надыдзе.
У далёкім 2005-м ён ушчыльную заняўся заводам «Мотавела», даведзеным, як сцвярджаў, да ручкі. Тады Лукашэнка працягнуў сваю руку дапамогі – прадаў «Мотавела» бізнесоўцу Мураўёву за 7 мільёнаў долараў з умоваю, што той заінвестуе яшчэ 20 мільёнаў.
Але замест прыбыткаў Мураўёў атрымаў 11 гадоў зняволення, а ягоны кантрольны пакет акцыяў канфіскавалі.
У наступныя 10 гадоў «крепкие хозяйственники» спачатку завод да банкруцтва давялі, а пасля пахваліліся дасягненнем – беларускі ровар зрабілі, а яшчэ матацыкл, цалкам сабраны з кітайскіх дэталяў. Але гэта абурыла Лукашэнку (і краіну). У выніку «Мотавела» зрабіў спробу нумар два і падрыхтаваў новы матацыкл «Менск». Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі абяцаў сфатаграфавацца на ім, але так і не змог на яго забрацца.
Працяг глядзіце ў новым выданні праграмы «Навіны з будучыні» Вольгі Старасцінай.