У адказ на востры дэфіцыт гародніны ў беларускіх крамах Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) паведаміла пра рэвізію 20 сховішчаў гародніны па ўсёй краіне.
У ведамстве сцвярджаюць: запасы бульбы, цыбулі, буракоў і капусты, якія ўваходзяць у так званы баршчавы набор – на месцы, якасць адпавядае стандартам, а аб’ёмы – дастатковыя для забеспячэння гандлёвых сетак.
Так, у гаспадарцы «Дружба і К» (Менская вобласць) бульба захоўваецца навалам і ў кантэйнерах, перад адпраўкай праходзіць сартаванне. У «Плодагародніне» на Берасцейшчыне запэўніваюць: аб’ёмаў хопіць для своечасовых паставак. А ў кампаніі «Вольгаўскае» (Віцебская вобласць) маюцца нават лішкі капусты і буракоў.
Інспекцыя прайшла на фоне працяглага крызісу з гароднінай: звычайную белакачанную капусту ўсё яшчэ цяжка знайсці ў крамах, а карыстальнікі TikTok дзеляцца відэа з пустымі паліцамі, дзе сярод гародніны – хіба што пекінская па 6,49 рубля.
Паводле МАРГ, праблема паўстала праз розніцу цэнаў з суседнімі краінамі – беларускія аграрнікі аддавалі перавагу экспарту. Урад ужо павысіў максімальныя адпускныя цэны на гародніну на 30 %, каб стымуляваць продаж на ўнутраны рынак. Гэта значыць, што айчынным вытворцам будзе выгадней прадаваць сваю гародніну айчынным крамам – і там нарэшце з'явіцца беларуская бульба.
Раман Шавель belsat.eu