Улады праводзяць «маштабнае сацыялагічнае даследаванне» сярод беларусаў, каб «вывучыць запыты грамадства на будучую пяцігодку» і ў адпаведнасці з гэтым будаваць планы. «Белсат» паспрабаваў зразумець, навошта праводзіцца апытанне і даведаўся ў сацыёлага, чаму апытанне зробленае такім чынам, што карэктных высноваў з яго зрабіць немагчыма.
Даследаванне называецца «чаканні грамадства і прыярытэты развіцця на будучую пяцігодку» і праводзіцца па даручэнні нядаўна прызначанага прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына.
Апытанне праходзіць з 4 па 21 красавіка. Яно праводзіцца адначасова некалькімі спосабамі. Да 16 красавіка можна было прайсці яго онлайн на сайце «Меркаванне.бел» з беларускага IP-адрасу, але без рэгістрацыі. Таксама праводзіцца пакватэрнае апытанне і прымаюцца прапановы па асобных сферах на онлайн-платформе «Народная пяцігодка».
Людзей апытваюць, каб разумець, чаго б яны хацелі ад дзяржавы на 2025 – 2030 гады, тлумачыць Турчын.
Што ў апытанні?
Апытанне на «Меркаванне.бел» складаецца з 32 пытанняў. З іх сем аб апытваным – яго ўзрост, адукацыя, сфера дзейнасці і гэтак далей. Астатнія датычацца эканомікі і якасці жыцця. У нейкіх просяць ацаніць што-небудзь, напрыклад «Ацаніце эканамічнае становішча ў краіне». У іншых пытаюцца меркаванне, напрыклад, «Што, на Ваш погляд, можа сведчыць аб магчымай эканамічнай нестабільнасці краіны?»
А ў частцы пытанняў у людзей прама просяць рэкамендацый. Напрыклад, «Што, на ваш погляд, неабходна зрабіць для больш прагрэсіўнага развіцця вашага населенага пункта?» ці «Якія вашы прапановы па ўдасканаленні сацыяльнай і эканамічнай сфер краіны?». У дадзеных двух пытаннях трэба самому напісаць адказ. У большасці іншых прапанавана шмат варыянтаў адказаў, але выбраць можна ад 1 да 4.
Тэмы пытанняў самыя розныя: сямʼя і нараджальнасць, знешні і ўнутраны турызм, рынак працы, лічбавыя тэхналогіі, бізнес, сельская гаспадарка і гэтак далей. Пытанняў пра палітыку няма.

«Трэба камусьці нешта даказаць»
На думку эканамічнай аглядальніцы Вольгі Лойкі, якую яна выказала у перадачы ТОК, у Аляксандра Турчына ёсць нейкая гіпотэза, якую людзі павінны пацвердзіць у апытанні.
«Думаю, не стаіць задача зрабіць якаснае даследаванне – патрэбная мыліца. Трэба нешта даказаць, я нават здагадваюся, каму. Не хапае палітычнай вагі нешта словамі даказаць, таму трэба спаслацца на народ. Калі ты можаш нешта даказаць Лукашэнку, то навошта табе народ? Навошта ўся гэтая мітусня?», – кажа Лойка.
Сапраўды, гэтак супала, што Турчын адначасова хацеў адабрэння Аляксандра Лукашэнкі па планах на пяцігодку і загаварыў пра апытанне.

Апытанне не будзе адлюстроўваць меркаванне людзей
Незалежны сацыёлаг Канстанцін Несцяровіч кажа «Белсату», што, зыходзячы з пытанняў, якія задаюць беларусам, выглядае, быццам на базе адказаў мяркуецца распрацаваць эканамічную стратэгію.
«Шмат пытанняў кшталту "як вы ацэньваеце эканамічную сітуацыю, што б лепш зрабіць?". Гэта значыць пытанні аб болях людзей і як, на думку людзей, гэтыя болі вырашыць. Але мне не як сацыёлагу, а проста як грамадзяніну Беларусі складана паверыць, што яны [улады. – Заўв. рэд.] сапраўды з такой мэтай гэта робяць», – кажа Несцяровіч.
Калі ацэньваць апытанне з пункту гледжання сацыялогіі, то яно не з'яўляецца паўнавартасным, лічыць ён.
«Звычайна людзі, якія праводзяць апытанне грамадскай думкі, выкарыстоўваюць рэпрэзентатыўную выбарку. Гэта значыць спрабуюць паклікаць у гэтае апытанне такую прапорцыю мужчын і жанчын, колькі ў нас у грамадстве. Або, калі ў нас доля людзей ад 18 да 24 гадоў у грамадстве, напрыклад, 19 %, то і ў нашай выбарцы іх павінна быць 19 %», – кажа Канстанцін Несцяровіч.
У онлайн-апытанні Турчына мог паўдзельнічаць кожны, хто знайшоў спасылку на «Меркаванне.бел», то бок усе групы грамадства не будуць прадстаўлены раўнамерна. Вынікі такога апытання не адлюстроўваюць меркавання грамадства.
,,«Гэта называецца памылкай пакрыцця, таму што рэспандэнт сам сябе выбірае для апытання без усялякай сістэмы», – працягвае Несцяровіч.
На думку эксперта, апытанне хутчэй за ўсё будзе прадстаўляць меркаванне палітызаваных прыхільнікаў улады.
«Праходзіць апытанне на "Меркаванне.бел" – гэта не паўсядзённая руціна. Чалавек хутчэй за ўсё глядзіць навіны, цікавіцца тэмамі эканомікі. З іншага боку, паколькі гэта афіцыйнае апытанне, зразумела, што яго праводзіць дзейная ўлада ў сваіх інтарэсах. Адпаведна, людзі, якія не давяраюць гэтай уладзе, хутчэй за ўсё не захочуць удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве», – лічыць Несцяровіч.
Вольга Лойка падзялілася сваім досведам і распавяла, што прайшла апытанне, бо для яе гэта магчымасць выказаць сваё меркаванне ўладам.
Сацыёлаг адзначае, што пакватэрнае апытанне, якое таксама заяўлена ў анонсе даследавання – гэта добрая методыка. Аднак, калі змяшаць вынікі з онлайн-апытаннем, то дадзеныя не будуць правільна адлюстроўваць меркаванне грамадства.
«Калі няма навуковай працэдуры адбору, то няма і рэпрэзентатыўнага выніку», – падкрэслівае ён.
Цэнзура ў варыянтах адказу
Канстанцін Несцяровіч заўважыў, што ў апытанні ёсць цэнзура. «Чалавек можа ў гэтым апытанні выказаць даволі шырокі спектр меркаванняў, але нейкае думкі ўсё ж такі сярод іх выбраць немагчыма», – кажа ён. Напрыклад, у пытанні «Што, на Ваш погляд, дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання?».

«Даецца шэраг варыянтаў адказаў, напрыклад, кіраванне з адзінага цэнтру, павышэнне якасці дзяржпаслугаў і гэтак далей. Але няма ніводнай меры на павышэнне дэмакратыі – гэта відавочная маніпуляцыя. Мне здаецца, вынік гэтага апытання зрэжысаваны за кошт таго, што не прадстаўлены ўсе магчымыя варыянты адказаў», – кажа ён.
Сацыёлаг звяртае ўвагу, што па шэрагу пытанняў можна выбраць да чатырох варыянтаў адказаў, нават, калі вам падыходзіць больш. Ён распавядае, што гэта нармальна, паколькі дазваляе даведацца найбольш важныя рэчы для чалавека.
Людзі могуць не зразумець варыянты адказаў
Яшчэ адна праблема апытання – складаныя фармулёўкі па шырокаму колу тэм. З-за гэтага чалавек можа проста не зразумець, у чым сэнс прапанаванага варыянту адказу. Пры гэтым амаль ва ўсіх пытаннях няма варыянту «цяжка адказаць». Тады чалавеку прыйдзецца нешта выбраць наўгад.
«Такая сітуацыя называецца фармаванне псеўдамеркаванняў. Самы класічны прыклад такой сітуацыі – гэта адно з апытанняў у ЗША, якое праводзілі ў 1947 годзе. Дзеля эксперыменту ў людзей спыталі, як яны ставяцца да закона «Аб металічных металах». Хоць гэта абсалютна выдуманы і бессэнсоўны закон, 70 % сказалі, што падтрымліваюць яго ўвядзенне.
І тут падобная сітуацыя. Людзі будуць бачыць перад сабой варыянты адказаў, пра якія ніколі раней не думалі, і будуць адказваць гэтак жа, як пра гэты закон аб металічных металах», – кажа Несцяровіч.
Напрыклад, у пытанні «Што, на Ваш погляд, можа сведчыць аб магчымай эканамічнай нестабільнасці краіны?» ёсць варыянт адказу «павышэнне крэдытных ставак».
«Мне здаецца, нават я не зусім дакладна ведаю, як крэдытныя стаўкі ўплываюць на эканамічную стабільнасць або нестабільнасць краіны. Вядома, частка людзей дасць асэнсаваны адказ, але ўлічваючы, што ў апытанні вельмі шмат сфер, то чалавек не можа быць спецыялістам ва ўсім. Таму і пытанні павінны задаваць не як спецыялісту, а як простаму чалавеку», – кажа сацыёлаг.
Ён адзначае, што ёсць і добрыя пытанні з нармальнымі адказамі. Напрыклад, «Ацэніце эканамічнае становішча ў краіне». Там нават ёсць варыянт «цяжка адказаць». Аднак агулам апытанне выглядае гэтак, быццам яго рыхтавалі не прафесіяналы, адзначае Канстанцін Несцяровіч.

«Паняцці, якімі аперуюць даследчыкі – інфраструктура, прагрэсіўнае развіццё і гэтак далей павінны перакладацца на зразумелую мову. Адпаведна, вынік апытання будзе не тое, каб бессэнсоўны, проста людзі будуць выбіраць тое, што ім больш за ўсё баліць – рост коштаў, зарплаты. Гэта можна будзе неяк інтэрпрэтаваць, але якасць падрыхтоўкі апытання вельмі нізкая», – заключае сацыёлаг.
Арсэн Рудэнка belsat.eu