навіны

Paysera дасылае лісты пра блакаванне рахункаў беларусам і расейцам з візай D

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: paysera.pl
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: paysera.pl
podpis źródła zdjęcia

На пачатку красавіка літоўскі онлайн-банк Paysera заблакаваў рахункі беларусаў, якія не маюць легальнага статусу, нават калі яны чакаюць ВНЖ. А цяпер пачалі блакаваць і рахункі людзей з візамі.

Банк даслаў некаторым карыстальнікам з грамадзянствам Расеі і Беларусі паведамленні аб закрыцці рахункаў у выпадку, калі яны не дашлюць звестак пра еўрапейскі ВНЖ. Пра гэта выданню «Новая Газета Европа» паведамілі некалькі карыстальнікаў банку з дзейнай шэнгенскай візай катэгорыі D (нацыянальная доўгатэрміновая віза).


Paysera даслала паведамленні раніцай 18 красавіка. У лістах указваецца, што згодна з санкцыйнай пастановай ад 24 лютага 2025 года еўрапейскія банкі і іншыя фінансавыя ўстановы абавязаныя абмежаваць наданне паслуг грамадзянам Расеі і Беларусі, якія не маюць відаў на жыхарства ў еўрапейскай эканамічнай зоне або Швейцарыі.


«У вас ёсць 14 каляндарных дзён з даты адпраўлення гэтага ліста, каб падаць неабходную дакументацыю. Калі на працягу гэтага тэрміну дакументы не будуць дасланыя, на ваш рахунак Paysera будуць накладзеныя абмежаванні, і нам давядзецца замарозіць сродкі на вашым рахунку ў адпаведнасці з Рэгламентам (ЕЗ) 2025/392. Гэтыя сродкі будуць заставацца замарожанымі да таго часу, пакуль не будуць ўстаноўленыя прававыя падставы для іх разблакавання», — гаворыцца ў лісце банку.


Нягледзячы на ​​тое, што банк паабяцаў замарозіць сродкі праз 14 дзён, у некаторых карыстальнікаў перасталі працаваць функцыі адпраўкі сродкаў праз Google Pay і праз нумар карты, паведамляе «Новая Газета Европа».


Адзін з грамадзянаў Расеі распавёў, што адправіў банку звесткі аб дзейнай еўрапейскай візе D, аднак менш як праз гадзіну атрымаў адказ, што Paysera патрэбны ВНЖ.


Нагадаем, 10 красавіка Paysera прыпыніла доступ да рахункаў усіх карыстальнікаў, якія не пацвердзілі легальнага перабывання на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу. 


«Paysera без папярэджання паведаміла аб прыпыненні доступу да рахункаў усіх карыстальнікаў, якія не пацвердзілі легальнага перабывання на тэрыторыі ЕЗ. Сродкамі нельга карыстацца і кіраваць. Гэта закранае ўсіх беларусаў, што чакаюць рашэння аб выдачы сталага віду на жыхарства, ВНЖ і іншых формаў легалізацыі. Як вядома, гэты працэс можа цягнуцца вельмі доўга», — адзначыў Валерый Кавалеўскі з Агенцтва еўраатлантычнай супрацы.


23 лютага 2022 года Paysera абвясціла, што больш не будзе абслугоўваць аперацыяў у расейскіх рублях, закрые рахункі расейскіх і беларускіх кліентаў і абмяжуе адпраўку грошай у банкі Беларусі і Расеі і з іх. 


У верасні 2024 года рахункі ў Paysera мелі 55 тысяч беларусаў. Сэрвісам карысталіся сярод іншага для аплаты рахункаў у Беларусі.


Тэса Анэйда / belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10