навіны

У ЗША адбылася страляніна ва ўніверсітэце. Два чалавекі забітыя

Універсітэт штату Флорыда
Паліцыя і хуткая дапамога каля Універсітэту штату Флорыда, дзе 17 красавіка адбылася страляніна. Фота: The New York Times
podpis źródła zdjęcia

На тэрыторыі кампусу Універсітэту штату Флорыда (FSU) у сталіцы штату горадзе Тэлагэсі 17 красавіка адбылася страляніна. Загінулі два чалавекі, пяцёра параненыя, паведамляе CNN.

Стралка затрымалі. Ім аказаўся 20-гадовы Фінікс Айкнэр, студэнт гэтага ж універсітэту і сын намесніцы шэрыфа акругі Леон Ўолта МакНіла Джэсікі Айкнэр, якая праслужыла ў паліцыі 18 гадоў. Як паведаміў шэрыф, на месцы злачынства была знойдзеная зброя, што належала маці маладзёна.


«На жаль, у яго быў доступ да зброі маці», – зазначыў шэрыф і дадаў, што затрыманы быў сябрам Моладзевай кансультатыўнай рады пры офісе шэрыфа акругі Леон.


Нападнік быў паранены падчас затрымання і змешчаны ў лякарню.


Абодва загінулых у выніку страляніны не былі студэнтамі ўніверсітэту.


Заняткі ва ўстанове былі адмененыя. У школах акругі Леон уведзены рэжым падвышанай бяспекі.


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп назваў інцыдэнт ганьбаю. Журналісты запыталіся ў яго, ці не хоча ён змяніць правілы абыходжання са зброяй пасля таго, што адбылося.

,,

«Я вялікі прыхільнік Другой папраўкі (Другая папраўка да Канстытуцыі ЗША была прынятая 15 снежня 1791 года, яна дае права грамадзянам на захоўванне і нашэнне зброі – Заўв. рэд.). Я быў ім ад самага пачатку. Я яе абараняў. Гэтыя здарэнні жахлівыя, але страляе не зброя, а людзі», – заявіў Трамп.


Паводле некамерцыйнай арганізацыі «Gun Violence Archive», сёлета гэта ўжо шосты выпадак страляніны ў Флорыдзе.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10