Калі вы думаеце, што фарбаваць яйкі да Вялікадня можна толькі шалупіннем з цыбулі, то гэты артыкул спецыяльна для вас. Журналістка «Белсату» правяла шэраг фарбавальных эксперыментаў, вынікамі якіх дзеліцца з чытачамі.
Усё жыццё я была ўпэўненая, што найлепшы фарбавальнік для яек на Вялікдзень – цыбулевае шалупінне. Нязменны абразок з сямейных велікодных ранкаў: абрус у клетку, пах матуліных дражджавых булак (вядома, найсмачнейшых у свеце), і гліняная міска з яйкамі. Іх цёплы, глыбокі, цагляна-чырвоны колер для мяне – сінонім ціхай радасці і новай надзеі. І так, без усялякіх узораў і аздабленняў. Прыгажосць у простым.
Але успаміны ўспамінамі, а і новае спрабаваць час ад часу варта. Сёлета па заданні рэдакцыі я правяла шэраг фарбавальных эксперыментаў, вынікамі якіх хачу падзяліцца. Усё гэтае я рабіла ўпершыню ў жыцці, таму ў працэсе адчувала сябе трошкі алхімікам. Не абышлося таксама без нечаканасцяў – карацей, досвед свежы і актуальны, з першых, што называецца, рук.
Фарбавальнікі я ўзяла, вядома, натуральныя, прыродныя. Па-першае, так цікавей, а па-другое, больш экалагічна і бяспечна. Інгрэдыенты былі даволі простыя – з тых, што лёгка знойдуцца ў кожнай кухні ці ў бліжэйшай краме. Глядзім жа, што атрымалася.
Для пачатку я вырашыла ўзяць куркуму. З усіх наватарскіх прыёмаў гэты аказаўся самы просты: дастаткова ўсыпаць у ваду пару сталовых лыжак прыправы і даць некалькі хвілін пакіпець, пасля апусціць туды яйкі і варыць 10 хвілін. Калі выняць яйка адразу, яно будзе светла-жоўтым. Калі даць пастаяць у растворы ноч, колер зробіцца яркім і насычаным. Вельмі жыццярадасныя атрымаліся яйкі, мне спадабалася.
Другой у чарзе была чырвоная капуста. Тут працэс крыху больш працяглы. Капусту трэба нашаткаваць, заліць вадой – а далей усё залежыць ад таго, колькі вы маеце часу. Можна закіпяціць, пасля выключыць і пакінуць настойвацца на некалькі гадзін (як зрабіла я). Можна проста паварыць паўгадзіны на маленькім агні. Пасля адвар працадзіць – і тут пачынаецца алхімія. У палову дадаём сталовы воцат (на 0,5 л адвару прыкладна 2 ст.л.), у другую – соду (каля 1 ст.л.). Кладзём ужо звараныя яйкі і пакідаем на некалькі гадзін (ці на ўсю ноч, лепш у холадзе, каб не сапсаваліся). Яйкі з воцатам у выніку атрымаюцца блакітнымі, а з содай – бірузова-зеленаватымі!

А цяпер узгадваем правілы змешвання колераў – і не спяшаемся выліваць абодва фарбавальнікі. Бо калі змяшаць жоўты з блакітным, атрымаецца… зялёны, так. І гэта працуе не толькі з акварэллю і гуашшу. Такім чынам, куркума + чырвоная капуста дазваляюць атрымаць яйкі колеру маладой лістоты.
Наступнымі паддоследнымі былі бурак і замарожаныя чарніцы. Прынцып такі самы: нацерці/падушыць, заліць вадой, закіпяціць, даць пастаяць, каб нацягнула колеру. Дадаць крыху воцату, апусціць вараныя яйкі і пакінуць на нейкі час. Я пакідала на ноч у халадзільніку. Як бачым, бурак даў цікавы чырвоны колер (калі выняць яйкі раней, будзе светла-ружовы), а чарніцы – светла-фіялетавы.

Таксама я вырашыла паспрабаваць метад, што нейкі час таму актыўна вірусіўся ў сацсетках: яйкі ў чырвоным віне. Для гэтага спатрэбіцца найтаннейшае паўсалодкае (ці якое там знойдзецца) з тэтрапака (калі ласка, не трэба ахвяраваць на гэта калекцыйнае Бардо). Яйкі ў выніку павінны атрымацца «касмічныя», фіялетава-чорныя з таямнічым «зоркавым» зіхценнем.
Што ж, яны сапраўды такімі атрымаліся, пастаяўшы ў віне ноч. Хоць спачатку гэта было невідавочна: адразу пасля вымання яны былі нейкага бруднаватага і зусім несвяточнага колеру. Але варта даць ім цалкам высахнуць, і яны сапраўды пачынаюць зіхцець! На фота гэта перадаць не так проста, але дробныя крышталікі, якія ствараюць «касмічны» эфект, ўсё ж бачныя.

Але! Не паўтарайце маёй памылкі! У рэцэптах з інтэрнэту часта сустракаецца рэкамендацыя зварыць яйкі адразу ў віне і там жа пакінуць настойвацца. І тут мы ўзгадваем школьны курс хіміі… (насамрэч, гэта проста мара і даўняе шкадаванне; калі б хімію нам тлумачылі на такіх вось практычных рэчах, я б, магчыма, любіла яе куды больш). Дык вось, віно – гэта кіслае асяроддзе. Яно парушае структуру бялку – запавольвае ці нават часткова перашкаджае яго згортванню. У выніку, хоць жаўток робіцца даволі цвёрдым, бялок застаецца паўвадкім, жэлепадобным. У біткі такімі яйкамі дакладна не згуляеш, і ў салату іх не пакладзеш! Есці іх, вядома, можна – але прызнаюся шчыра, выглядала гэта не вельмі апетытна. Такім чынам, у віно лепш класці ўжо звараныя ў звычайнай вадзе яйкі.
Апошнім нумарам праграмы было шалупінне цыбулі (куды ж без яго), але з нюансам. У нейкім з ролікаў я пабачыла даволі просты, але мілы спосаб дадаткова ўпрыгожыць яйкі. Для гэтага трэба ўзяць лісткі пятрушкі, кропу, кветачкі ці маладыя лісцікі з дрэваў, прыкласці іх да яек, завязаць у марлечку (некаторыя кладуць у капронавую шкарпэтку) і зварыць у адвары шалупіння. У мяне пад рукой былі лісткі кінзы: атрымалася як мінімум забаўна, хоць і не ідэальна. Але вынік усё роўна парадаваў мяне больш за ўсё. Магчыма, з-за такога знаёмага і роднага колеру. Магчыма, з-за таго, што ён атрымліваецца без доўгіх танцаў з бубнам, начных настойванняў і іншых сюрпрызаў. Зварыў яйкі ў адвары – і цудоўны насычаны колер гатовы.

Каб падвесці вынік, скажу, што ў працэсе я атрымала шмат задавальнення. Гэта вясёлы спосаб разнастаіць падрыхтоўку да святаў, у якую ахвотна ўключаюцца дзеці – кожны новы колер яйка прыводзіць іх у захапленне. Да таго ж, забаву з фарбаваннем можна працягнуць: напрыклад, я прыдумала пакласці ў каляровыя растворы акварэльную паперу, і паглядзіце, як цікава атрымалася! Чым не аснова для самаробных велікодных паштовак?

Каляровых, радасных і шчаслівых вам Святаў!
Юлія Сакавіцкая, фота аўтаркі belsat.eu