Лукашэнка адчувае пагрозу і папрасіў на суботніку дапамогі ў нацыяналістаў. Быў узгаданы і Зянон Пазняк. Аднак што за новая ідэалогія Беларусі ў дырэктыве №12 і чаму яна падобная на фашызм? Спрачаюцца Баркоўскі і Усаў. Новы «Двубой» з Віталём Цыганковым.
Дырэктыва № 12, падпісаная 9 красавіка, апелюе да «ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці». Але філосаф Павел Баркоўскі бачыць у гэтым яшчэ большае падабенства Беларусі да фашысцкіх рэжымаў, а роля дзяржавы ў краіне будзе ўсё больш расці, мяркуе ён: «Дзяржава вам плаціць заробкі, дзяржава вам плаціць пенсіі. Дзяржаве вы абавязаныя за ўсе даброты: за бясплатную медыцыну, за адукацыю, за ўсё добрае, што ёсць у Беларусі, вы абавязаныя дзяржаве. Вы павінны, калі вы працуеце на дзяржаўныя прадпрыемствы, прытрымлівацца дзяржаўнай палітыкі дзяржаўнага інтарэсу. Бо вы – дзяржаўныя людзі. Ну, фактычна халопы дзяржавы. І ўсё гэта якраз прыкмета пабудовы такой карпаратыўнай мадэлі кіравання, дзе менавіта галоўнае – не грамадства, не інстытуты накшталт партыі, ідэі, а галоўнае – менавіта гэтая вертыкаль, гэта дзяржава і, канечне, яе правадыр, які ўвасабляе асноўныя каштоўнасці, цноты, пра якія вядзецца. Але ідэолагі (напрыклад, такія, як Пятроўскі) кажуць нават пра калектыўнага Лукашэнку. Яны разглядаюць гэта не як нейкую персаналісцкую форму, але як мадэль, якую можна перанесці на ўсіх, грамадства. І гэта дакладна фашызм».
Аднак палітолаг Павел Усаў лічыць зварот да ідэалогіі і заляцанне да нацыяналістаў і нацыяналізму не больш як спекуляцыяй, дзеля ўстойлівага ўтрымання ўлады. Калі ж апісаць асноўную дамінанту так званай ідэалогіі лукашэнкаўскай Беларусі, то яна гучыць проста:
«Дамінанта асноўная, што дзяржава і рэжым, які пабудаваў Лукашэнка, ёсць гарантам стабільнасці і развіцця беларусаў, Беларусі і беларускага народу. І што калі не будзе гэтага ядра рэжыму на чале з Лукашэнкам, усё паваліцца і будзе хаос. Вось: стабільнасць і хаос. Супярэчнасць паміж стабільнасцю і хаосам, на маю думку, застаюцца такім умоўна рацыянальным зернем таго, што мы называем ідэалогіяй».
Працяг глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.