Томаш Шмыт, былы польскі суддзя, які абвінавачваецца на радзіме ў шпіянажы і дзяржаўнай здрадзе ды ўцёк у Беларусь, патэлефанаваў польскім памежнікам і распытваў іх пра грузавік з выбухоўкай, які нібы меўся прыехаць з Польшчы. Пра гэта паведамляе TVN24.
Былы суддзя не назваў свайго імя, калі тэлефанаваў у польскую Памежную ахову. Ён выдаў сябе за журналіста і былога часовага паверанага Польшчы ў Менску Вітальда Юраша. А пасля расказваў дзяржаўным медыям у Беларусі пра «справу рук польскіх і ўкраінскіх службаў і дамоўленасць з польскімі памежнікамі аб пропуску гэтай машыны».
Яцэк Дабжыньскі, прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы, мяркуе, што правакацыя правалілася, хоць пакуль незразумела, як яе скарыстаюць беларускія спецслужбы.
,,«Гэтая бездапаможнасць цяпер сведчыць пра тое, што беларускія службы заблыталіся, спрабуюць нас высмеяць, выставіць у нявыгадным святле», – сказаў ён, назваўшы дзеянні Менску правакацыяй.
Пра затрыманне «найбуйнейшай у гісторыі Беларусі» партыі выбухоўкі, што нібыта спрабавалі прывезці з Польшчы, беларуская мытня заявіла 6 красавіка. Паводле версіі прапагандыстаў, мікрааўтобус з небяспечным грузам меўся трапіць у Расею.
За стырном быў 41-гадовы грамадзянін Беларусі Яўген Манько. Дзяржаўнаму тэлебачанню ён сказаў, што пра «нашпігоўванне» салону не ведаў і што яго выкарысталі ўцёмную. Паводле мужчыны, перавезці гэты мікрааўтобус яго папрасіў знаёмец з Эстоніі Раман, а таму машыну перадаў нейкі Іван, які перарабіў аўта пад аўтадом.
«Мы не каментуем матэрыялаў, што публікуюць службы Беларусі, разглядаючы іх як элементы дэзынфармацыі», – адзначыў спікер Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы Дар'юш Сеніцкі.
Гэтак жа і польскія мытнікі назвалі дэзынфармацыяй паведамленні пра выбухоўку ў мікрааўтобусе. Не схільны давяраць версіі, што распаўсюджвае Менск, і «BELPOL».
Якуб Хруст belsat.eu