Поп-зорка Кэйці Пэры, Лорэн Санчэс (нявеста Джэфа Бэйзаўса) і яшчэ чатыры жанчыны паспяхова вярнуліся на Зямлю пасля субарбітальнага палёту ў космас. Місія праходзіла на ракеце «New Shepard», распрацаванай кампаніяй «Blue Origin», што належыць заснавальніку «Amazon».
Гэта першы палёт з выключна жаночым экіпажам з часоў Валянціны Церашковай у 1963 годзе. Акрамя Санчэс і Пэры, у палёце ўдзельнічалі вядоўца CBS Гейл Кінг, былая інжынерка NASA Аіша Боў, праваабаронца і актывістка Амэнда Нгуен і прадзюсарка Керыян Флін, піша BBC.
Старт адбыўся з касмадрому ў Тэхасе. Ракета паднялася ўверх, дасягнуўшы амаль 100 км – мяжы з космасам. Пасля гэтага капсула з экіпажам аддзялілася і правяла некалькі хвілінаў у стане бязважкасці. Затым яна вярнулася на Зямлю з дапамогай парашутаў і тармазных рухавікоў.
Палёт доўжыўся прыкладна 11 хвілінаў. Гэта ўжо 11-ы пілатаваны запуск для «New Shepard» і 31-ы ў агульным заліку. Усяго кампанія «Blue Origin» вывела ў космас ужо 52 асобаў. Кошт палёту не раскрываецца.

Спецыяльна для гэтай місіі былі распрацаваныя новыя касмічныя касцюмы – у іх стварэнні ўдзельнічала сама Санчэс разам з модным домам «Monse».
Назіральнікі адзначаюць, што акрамя навукова-папулярызатарскага ды іміджавага значэння, палёт мог быць і маркетынгавым крокам «Blue Origin», якая спаборнічае з кампаніяй «Virgin Galactic» у сферы касмічнага турызму.
Раман Шавель belsat.eu